Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць ЗША ўплываць на Беларусь праз Украіну?


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія палітыкі камэнтуюць заяву прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў Амэрыкі і Ўкраіны Джорджа Буша і Віктара Юшчанкі наконт іх агульнай прыхільнасьці справе прасоўваньня свабоды ў Беларусі.

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч апошнюю заяву Дорджа Буша і Віктара Юшчанкі назваў важнай навіной. Ён лічыць цалкам рэальным уплыў Злучаных Штатаў Амэрыкі на Беларусь праз Украіну, бо апошняя мае працяглую мяжу зь Беларусью і бязьвізавы рэжым яе перасячэньня. На думку спадара Статкевіча, пры спрыяньні ўкраінскіх уладаў ва Ўкраіне маглі б рэгістравацца беларускія няўрадавыя арганізацыі, а ўздоўж украінска-беларускай мяжы маглі б усталяваць перадатчыкі для радыё- і тэлестанцыяў, якія вяшчаюць на Беларусь.

(Статкевіч: ) “Думаю, што калі гэта сапраўды пачне рэалізоўвацца, то беларуская дэмакратыя атрымае магутны тыл. Вельмі важна таксама, што спрыяць дэмакратыі ў Беларусі будзе ўкраінская ўлада, таму што ўкраінцы, нават са словаў Лукашэнкі, абсалютна братні для нас народ, блізкі культурна і які найбольш мае супольнай гісторыі з намі, чым любы іншы народ, у тым ліку расейскі”.

Мікола Статкевіч заўважае, што Джордж Буш не ўпершыню зьвяртаецца да беларускай тэмы:

(Статкевіч: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь уключана ў пэўныя геапалітычныя разьлікі Злучаных Штатаў Амэрыкі”.

На думку спадара Статкевча, гэта можа мець важныя наступствы для Беларусі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць малаверагодным, што Ўкраіна можа стаць правадніком амэрыканскай палітыкі на Беларусь.

(Касьцян: ) “Уплыў Украіны на Беларусь будзе нулявым. Таму што, дай бог, каб Юшчанка змог пераадолець тыя недахопы ў сваёй дэмакратыі ва Ўкраіне, а таксама ў тым становішчы эканамічным, палітычным, маральным, у якім апынулася Ўкраіна і ўкраінскі народ”.

Сяргей Касьцян перакананы, што і Джордж Буш мае больш істотныя праблемы ў сьвеце, паколькі пазыцыі ЗША, на ягоную думку, апошні час слабеюць.

Вядомы беларускі палітык і дыплямат Пятро Садоўскі перакананы, што настойлівасьць Джорджа Буша ў беларускім пытаньні зьяўляецца часткай ягонай палітычнай дактрыны:

(Садоўскі: ) “У мяне такое ўражаньне, што гэта такі імплікаваны папрок Эўропе, што яна, маўляў, ня вельмі рашуча змагаецца за дэмакратызацыю новых суседзяў Эўразьвязу”.

Спадар Садоўскі мяркуе, што ЗША праводзяць больш рашучую палітыку ў адносінах да Беларусі, чым Эўразьвяз, які займае пазыцыю захаваньня стабільнасьці і прымірэньня. І амэрыканска-ўкраінскае супрацоўніцтва будзе пазытыўна адбівацца на Беларусі, перакананы спадар Садоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG