Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску да масавай галадоўкі далучыліся тры новыя ўдзельнікі


Сяргей Астраўцоў, Горадня 5 красавіка – 22-гі дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Заявы аб галадоўцы напісалі яшчэ тры чалавекі.

Да акцыі пратэсту далучыліся сёньня дыспэтчары таксі Алена Літвін, Валянціна Талашка і гараджанін Андрэй Сазон. Паводле галадоўнікаў, іх разам з прыхільнікамі, якія абвясьцілі галадоўку дзеля салідарнасьці, стала 38 чалавек.

Мікалай Аўтуховіч гаворыць, што адчувае сябе горш – у яго кволасьць, галавакружэньне, у вачах часам мутнее. Але пакуль ніхто з удзельнікаў галадоўкі не згадзіўся легчы ў шпіталь. Кіроўца грузавіка зь фірмы “Ніка-транс” 36-гадовы Віктар Мядзьведзь не працуе тры месяцы, а галадае 12-ы дзень, ягонае меркаваньне:

(Мядзьведзь: ) “Рэч у тым, што мы ідзем за агульную справу. Пакуль нас не выносяць, будзем тут знаходзіцца. Мы ваюем не за тое, каб трапіць у бальніцу паляжаць, а за сваю працу, за фірму”.

Галадоўка працягваецца, але сёньня ніхто з прадстаўнікоў уладаў галадоўнікаў не наведваў.

Нагадаем, што прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам амаль на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.

На здымку: Віктар Мядзьведзь
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG