Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода будзе вяшчаць у FM-эфіры


Ігар Карней, Менск Сёньня, 1 красавіка, будзе падпісаны загад аб рэарганізацыі дзяржаўных і прыватных мас-мэдыяў. Захады Міністэрства інфармацыі ў справе рэвізіі рынку СМІ абяцаюць стаць беспрэцэдэнтнымі.

З крыніцаў у Міністэрстве інфармацыі сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці. Так, нарэшце спраўджваюцца чуткі пра аб’яднаньне ў адмысловы голдынг шэрагу дзяржаўных газэтаў. Зьліваюцца “Советская Белоруссия” і “Знамя юности”, а таксама “Рэспубліка” і “Чырвоная змена”. У першым выпадку аб’яднаная рэдакцыя будзе называцца “Советская юность”, у другім — “Чырвоная рэспубліка”. Таксама патрапяць пад адзін дах “КП в Белоруссии” і “Піянер Беларусі”. Ад 22 красавіка, дня нараджэньня Леніна, супольная газэта будзе выходзіць пад абрэвіятурай “КПБ” (“Камсамол. Піянерыя. Беларусь”).

Пад эгіду інфармагенцыі БелТА ў дадатак да газэты “7 дней” перадаецца “Звязда”. Новаўтварэньне атрымае назву “7 дней. 7 ночей”, дзе “Звяздзе” адводзіцца роля “начнога” дадатку.

Некаторыя выданьні з прычыны нерэнтабэльнасьці будуць выстаўленыя на аўкцыён. Вядома, што на папулярны калісьці “ЛіМ” паклаў вока прадпрымальнік Андрэй Клімаў, які цалкам аддаўся творчасьці, прэзэнтаваўшы чарговую кнігу. Паводле Клімава, “ЛіМ” будзе пераўтвораны ў “КЛіМ”, што цалкам адпавядае ўяўленьням аб ролі асобы ў бізнэсе (шмат хто памятае, што была ўжо “Газэта А.Клімава”).

Адпаведная рэвізія будзе праведзена і сярод часопісаў. Так, часопіс “Спадчына” перадаецца ў распараджэньне адвакацкага савету “Белінюркалегія”. Цяпер на старонках выданьня будуць друкавацца выключна аб’явы беларусаў замежжа, якія пакінулі спадкі сваім сваякам у Беларусі, а таксама весьціся радавод страчаных прозьвішчаў і пошук спадкаемцаў. Часопісу “Аrche” прадпісана зьмяніць напісаньне лацінкай і абраць больш зразумелую назву: рэкамэндаваны міністэрствам варыянт — “Арэх”. Атрымаў адпаведныя рэкамэндацыі і рэдактар часопіса “Дзеяслоў”. Цяпер калектыў мусіць рабіць тэматычныя выпускі — “Назоўнік”, “Прыметнік”, “Лічэбнік” і г.д.

Адметна, што загад Міністэрства інфармацыі распаўсюджваецца і на недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні. Так, выдаўцы Іосіф Сярэдзіч і Сяргей Атрошчанка, не знайшоўшы паразуменьня з рэгістрацыяй гандлёвай маркі “Народная воля”, мусяць аб’яднаць свае выданьні, атрымаўшы адмысловы таварны знак Міністэрства інфармацыі — “Народный обозреватель”. Да таго ж, сурэдактары мусяць арганізаваць выпуск штотыднёвага дадатку “Дэйлі-Беларусь Тэлеграф”.

Яшчэ два выдаўцы, Пётар Марцаў і Сяргей Плыткевіч, да канца месяца павінны падаць дакумэнты на зьліцьцё “БДГ” і газэты “Туризм и отдых”. Прычынай зьліцьця газэтаў стаў выпуск на старонках “БДГ” дадатку пад гэткай жа назвай — “ТиО”, што прывяло да спрэчкі аб інтэлектуальнай уласнасьці. Новае выданьне будзе называцца “Белорусский деловой туризм”. Праўда, у той час, як рэдактар “НВ” Іосіф Сярэдзіч абураны магчымым сваяцтвам з “Обозревателем” (у “НВ” бліжэйшым часам плянуецца нават надрукаваны зварот да чытачоў байкатаваць ніжнюю бялізну маркі “Серж”), спадар Марцаў ад “шлюбу” з “ТиО” у захапленьні. Зьнясіленыя барацьбой за выжываньне, ужо на наступным тыдні супрацоўнікі рэдакцыі поўным складам адлятаюцть на два тыдні ў самае сэрца Афрыкі: што лепей адновіць сілы, як ні сафары ў Мазамбіку? Бясплатныя пуцёўкі — унёсак Плыткевіча ў сумесную справу.

І, нарэшце, самая прыемная навіна. Радыё Свабода атрымае месца ў FM-эфіры. Паводле папярэдняй інфармацыі, нас можна будзе пачуць на шматпакутнай частаце 101,2, дзе цягам некалькіх гадоў зьмяніліся чатыры рэдакцыі. А ўжо ад 2006 году “Свабода”, хутчэй за ўсё, увойдзе ў кожны дом праз так званую радыёкропку.

Заканчваецца загад Міністэрства інфармацыі віншаваньнем з 1 красавіка і патрабаваньнем яшчэ больш высокай планкі даверу да кожнага СМІ з боку аўдыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG