Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэварднадзэ, Кучма, Акаеў... хто наступны?


Юры Дракахруст, Прага Рэжым кіргіскага лідэра Аскара Акаева стаў трэцім, які абрынуўся на тэрыторыі СНД за апошнія паўтары гады. Хуткасьць гэтага падзеньня зьдзівіла многіх назіральнікаў, выклікаючы пытаньне, што зрабіла кіргіскую ўладу такой крохкай. Але галоўнае пытаньне, якое задаюць сабе ня толькі экспэрты – хто наступны?

У інтэрвію радыё “Эхо Москвы” прэзыдэнт Акаеў даў параду сваім калегам – прэзыдэнтам, што трэба рабіць, калі перад імі паўстае пагроза народнага паўстаньня:

(Акаеў: ) “Які ўрок я засвоіў з падзеяў 24 сакавіка? Усё ж нашыя дэмакратыя слабая, яна сябе абараніць ня можа. Таму я б параіў калегам, што дэмакратычныя заваёвы трэба абараняць, калі трэба, то і з ужываньнем сілы”.

Зразумела, чаму Акаеў прыйшоў да такой высновы. Грузінская, украінская і кіргіская рэвалюцыі мелі супольную рысу – улада не ўжывала сілу супраць дэманстрантаў. Але паўстае пытаньне, ці вырашала б праблему кіраўнікоў ужываньне сілы?

На думку расейскага аналітыка Сяргея Лужаніна важнай прычынай краху Акаева стала тое, што ён парушыў балянс інтарэсаў унутры ўладнай эліты. Перадача кантролю над “смачнымі кавалкамі” ўласнасьці членам ягонай сям’і падарвала лаяльнасьць бюракратыі да прэзыдэнта.

(Лужанін: ) “Яны ўсе казалі: Мы супраць яго, мы чакаем, як толькі будуць першыя сыгналы, мы пяройдзем на іншы бок ці здадзім свайго шэфа. Уласна гэта і адбылося, бо 70% чыноўнікаў і вельмі высокапастаўленых чыноўнікаў, як толькі зьявіліся сыгналы аб пагрозе ўладзе Акаева, яны ці перайшлі на іншы бок, ці па меншай меры занялі нэўтральную пазыцыю і ня сталі выступаць супраць апазыцыі”.

Мэрхад Эзэнаў, выдавец часопісу “Цэнтральная Азія і Каўказ”, дадае, што істотную ролю і ў грузінскіх, і ва ўкраінскіх, і ў кіргіскіх падзеях адыграў адносна лібэральны характар тамтэйшых рэжымаў. Справа была ня толькі ў няздольнасьці ўлады задаволіць патрэбы людзей, але і ў тым, што дастаткова шмат людзей мелі магчымасьць гаварыць пра гэта гучна і публічна.

(Эзэнаў: ) “Шмат хто лічыць, што рэжым Аскара Акаева абрынуўся вельмі хутка, але я з такім меркаваньнем ня надта згодны. Трэба сказаць, што ў Кіргізстане ўсё ж існавалі няўрадавыя арганізацыі, свабодныя мэдыі, і яны вельмі рэзка крытыкавалі палітыку ўраду на працягу даўгога часу. Паколькі ўрад працаваў ня надта добра, грамадзкая думка была настроеная супраць ўраду”.

Шмат экспэртаў лічаць, што наступнай косткай даміно, якое ўпадзе пасьля Кіргізстану, можа стаць суседні Казахстан.

Аднак існуюць і іншыя меркаваньні: казахская эканоміка больш эфэктыўная, чым кіргіская, хаця казахстанская апазыцыя лепш арганізаваная, чым кіргіская, але і ўлада Нурсултана Назарбаева больш моцная і жорсткая. Тэрмін праўленьня Акаева і без рэвалюцыі сканчаўся сёлета ўвосень, казахстанскі жа лідэр не зьбіраецца сыходзіць.

Азэрбайджан – таксама магчымы кандыдат. Мэрхад Эзэнаў распавядае пра мэтады, якія ўжывае азэрбайджанская ўлада, каб прадухіліць самую магчымасьць рэвалюцыйнага сцэнару.

(Эзэнаў: ) “У Азэрбайджане моладзь, студэнцтва былі ангажаваныя ў палітыку, але на баку ўладаў. Моладзевае крыло ўрадавай партыі вельмі актыўная, яно дзейнічае ва ўсіх ВНУ. Яны ведаюць, што рухавіком любой рэвалюцыі зьяўляецца моладзь, і ўрадавая партыя спрабуе максымальна прыцягнуць моладзь на свой бок. Такой арганізаванасьці я ў Казахстане ня бачу”.

Ці ёсьць жорсткасьць ўлады, гатоўнасьць яе сілай падпраўляць любы пратэст гарантыяй яе доўгатэрміновага выжываньня? Прыклады Беларусі, Узбэкістану і Туркмэністану нібыта сьведчаць пра тое, што адказ станоўчы. Але Сяргей Лужанін прыгадвае, што СССР таксама здаваўся непахісным і што падобная стабільнасьць можа быць ілюзорнай.

(Лужанін: ) “Яна больш стабільная, але гэта не азначае, што самая сыстэма моцная. Парадокс у тым, што чым больш жорсткі рэжым, тым больш раптоўна ён можа абрынуцца. Гісторыя ведае шмат прыкладаў такога кшталту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG