Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 сакавіка 1689 году быў пакараны сьмерцю філёзаф Казімер Лышчынскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 30 сакавіка

30 сакавіка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Аляксей. “На Аляксея зіма пацее” – казалі нашыя продкі. І дадавалі: “Рыба – аб лёд, саначкі – аб плот”. Гэта значыць, рэкі ў гэты дзень ускрываліся, а селянін з саней пераходзіў на калёсы.

Цяпер – гістарычныя даты.

Акурат 30 сакавіка ў 1613 годзе зьдзейсьніў свой подзьвіг легендарны герой расейскай гісторыі Іван Сусанін. Сусанін быў спадчынны стараста вёскі Домніна ў Кастрамскім краі. Ён завёў замежных інтэрвэнтаў у балота, за што і паплаціўся жыцьцём. Ва ўсёй гэтай гісторыі зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве акалічнасьці. Па-першае, інтэрвэнты былі зь Вялікага Княства Літоўскага – гэта значыць, з тагачаснае Беларусі. Па-другое, ратаваў ад іх Сусанін ня што іншае, а расейскага цара – заснавальніка дынастыі Раманавых Міхаіла Фёдаравіча. Нездарма славутая опэра Міхала Глінкі “Іван Сусанін” у арыгінале называецца “Жыцьцё за цара”.

30 сакавіка 1689 году быў пакараны сьмерцю берасьцейскі філёзаф Казімер Лышчынскі, якога называюць беларускім Джардана Бруна. Яго судзілі за напісаны ім трактат “Пра неіснаваньне Бога”. Паводле прысуду, на плошчы Старога рынку ў Варшаве Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела вывезьлі за горад і спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы. Як заўважае гістарычны пісьменьнік Уладзімер Арлоў, “Пра суд над вальнадумцам пісала прэса Францыі, Італіі, Швэцыі. Ягоныя погляды былі вядомыя ў Нямеччыне, Англіі, Гішпаніі ды іншых краінах Эўропы. Высокую ацэнку Казімеру Лышчынскаму далі беларускія прадстаўнікі каталіцкага Ордэну піяраў, якія паставілі яго ў адзін шэраг з такімі волатамі эўрапейскай філязофскай думкі, як Ваніні і Сьпіноза”.

30 сакавіка 1890 году пакінуў гэты сьвет беларускі журналіст і выдавец Язафат Агрызка. Родам ён зь Лепельшчыны, скончыў Менскую гімназію і Пецярбурскі ўнівэрсытэт. Удзельнічаў у паўстаньні Кастуся Каліноўскага, за што быў арыштаваны і прысуджаны на 20 гадоў катаргі ў Іркуцку, адкуль ужо не вярнуўся.

30 сакавіка ў розныя гады нарадзіліся беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч і тэатральны рэжысэр Валеры Масьлюк.

Сярод сусьветных славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет у гэты дзень, згадаем сёньня гішпанскага мастака Франсыска дэ Гою, ягонага галяндзкага калегу Вінсэнта ван Гога і ангельскага рок-музыку Эрыка Клэптана.
XS
SM
MD
LG