Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія жанчыны жывуць на 12 гадоў даўжэй за мужчын


Іна Студзінская, Менск Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі складае 68 з паловай гадоў. Беларускія мужчыны жывуць у сярэднім 61 год, а беларускія жанчыны – амаль на 12 гадоў даўжэй – 73 гады. Чаму так адбываецца, у другой частцы праграмы Іны Студзінскай.

Жанчыны ва ўсім сьвеце жывуць даўжэй за мужчын. Рэкорд даўгалецьця – у францускай актрысы Жаны Луізы Кальман – 122 з паловай гады. У 114 гадоў актрыса яшчэ здымалася ў фільме “Вінсэнт і я”.

Першае месца ў сярэдняй працягласьці жыцьця займаюць японкі – 85 гадоў. На другім месцы – францужанкі: 83 гады. На трэцім – швэдкі: амаль 78 гадоў. Беларускія жанчыны ў сярэднім жывуць 73 гады. З аднаго боку, гэта на 12 гадоў менш за японак, а з другога, на той жа тузін гадоў больш за беларускіх мужчынаў, сярэдняя працягласьць якіх крыху болей за 61 год.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму, на вашую думку, жанчыны жывуць даўжэй за жанчын?”

(Жанчына: ) “Мужыкі беларускія сьпіваюцца, таму рана паміраюць”.

(Мужчына: ) “Ой, цяжка сказаць... Нават і не адкажу так адразу. Колькі каму Бог адмерыць...”

(Хлопец: ) “Мужчына больш працуе, на больш адказных пасадах. Больш рызыкуе. Гінуць больш мужчын у маладым узросьце”.

(Жанчына: ) “Жанчына на сваіх слабых плячах цягне цэлы воз жыцьцёвых праблем. А мужчына часьцяком ці пазьбягае праблем, ці зьбягае ад іх, ці залівае гора гарэлкай”.

Старэйшых за 60 гадоў у Беларусі амаль 2 мільёны чалавек, кожны пяты жыхар. Пры гэтым доля жанчын па меры ўзрастаньня колькасьці гадоў павялічваецца. 80-89 гадоў: колькасьць жанчынаў у 2,1 разы больш за мужчынаў. 90-99 гадоў – у 3,2. Ад ста гадоў і вышэй – жанчын у 6 з паловай разоў больш…

Краіна мае шмат выміраючых вёсак, дзе засталіся адны старэнькія бабулькі. Дзеці вырасьлі і зьехалі ў горад, дзяды памерлі. У вёсцы Бахматы Воранаўскага раёну калісьці было 100 двароў. Цяпер відовішча вельмі непрыгляднае: зьдзічэлыя, перакошаныя хаты – пераважна з замкамі на дзьвярах ды закалочанымі ваканіцамі. Пакрыты іржой зернеўборачны камбайн у ваколіцы. Засталіся дажываць у Бахматах 15 сталых жанчынаў.

(Галасы: ) “Ядзя Кіман… Палто Казіміра…Было па 7–8 чалавек у хатах у Бахматах. А паўставалася 15 душ. Тэлефона няма на ўсю вёску – трэба 3 км бегчы. Во прыяжджалі нейкія тэлефон ставіць – трэба мільён плаціць. Дарагі – усёй вёскай ня здолеем усталяваць. Хаджу на палках – ціск падвышаецца, мо зараз і памру, куды грошы выкідаць. І не магу хадзіць. А з гадамі баліць і баліць усё горай… Вунь двое старэнькіх – якраз на дзень нараджэньня 80 гадоў споўнілася – памерлі Праткоўскія. А во тут во, дзе на замку – паўміраўшы. А во тут бабка адна жыве 90 гадоў. Тыдзень як пахавалі з гэтай хаты. Во плача ўсё – брат памёр. А цяпер нікога няма, ні дзяцей… Але хай ужо ўсе паўміраюць ды пуста будзе…”

Сёлета Міністэрства аховы здароўя пастанавіла стварыць у кожным раёне лякарню сястрынскага дагляду. Амаль паўмільёна старых людзей жывуць асобна ад дзяцей ці наагул ня маюць сваякоў, якія б даглядалі іх. Бальшыня самотных сталага веку ў вёсках, дзе трэба і вады нанасіць, і печку пратапіць. Таму паляжаць у лякарні для іх – паратунак.

Вось меркаваньне загадчыцы аддзелу мэдэкспэртызы і рэабілітацыі Міністэрства аховы здароўя Ганны Лукіной.

(Лукіна: ) “Псыхалягічная настроенасьць немалаважная для пажылога чалавека – ён ведае, што ў яго ёсьць дом, а некаторы час ён можа перабыць у лякарні сястрынскага догляду. Для сельскага насельніцтва гэта цяжкі зімовы пэрыяд. Гэта вельмі зручная форма. Тым больш, што ўзначальвае такую лякарню доктар, тут будуць і мэдыка-сацыяльныя паслугі, і яшчэ нагляд лекара”.

Праўда, перабываньне ў лякарнях сястрынскага дагляду – платнае: ад 70 да 90 працэнтаў пэнсіі будзе адлічацца ў даход такой лякарні сястрынскага дагляду. Дый адна лякарня на раён праблемы ня вырашыць.

Чаму жанчыны ва ўсім сьвеце жывуць даўжэй за мужчын, я высьвятляла ў прафэсара-герантоляга, галоўнага герыятра Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Хапалюка.

(Хапалюк: ) “Некаторыя лічаць, што жанчына біялягічна больш адаптаваная як прадаўжальніца роду чалавечага. Другое. Усё ж гістарычна мужчына – кармілец, і ўсе праблемы падаюць на мужчынаў... Далей. Вазьміце: армія – мужчыны, міліцыя – мужчыны, дзяржчыноўнікі – мужчыны, кіраўнікі – мужчыны... Гэта тыя людзі, якія адказныя прымаць рашэньні і адказваць”.

Што жанчына біялягічна больш адаптаваная – безумоўна, гэта так. Што мужчыны часьцей сваё жыцьцё падвяргаюць рызыцы – таксама праўда. А вось што тычыцца адказнасьці, прыняцьця рашэньняў у асноўным мужчынамі – тут з прафэсарам Хапалюком можна паспрачацца.

А цяпер – меркаваньне жанчыны, у якой бабуля пражыла больш за 90 гадоў і маці ўжо 80. Дарэчы, усе сяброўкі-равесьніцы яе матулі – удовыя.

(Марына: ) “Я лічу, так здарылася таму, што жанчына ставіцца больш сур’ёзна да жыцьцёвых праблем. Трэба выгадаваць дзяцей, даць ім адукацыю... І гэта акрамя працы, кар’еры. Шмат прыкладаў можна прывесьці, калі на жанчыну абрушваецца нейкае вялікае гора, яна мабілізуе ўсе свае ўнутраныя сілы, зьбірае сябе ў кулак і вырашае праблему. Беларуская жанчына на сваіх слабых плячах цягне цэлы воз жыцьцёвых праблем. А мужчына часьцяком ці пазьбягае праблем, ці зьбягае ад іх, ці залівае гора гарэлкай. Таму жанчына больш выносьлівая, больш адказная і працавітая. І даўжэй жыве”.

Са сказаным цяжка не пагадзіцца: мужчыны сапраўды часьцяком пазьбягаюць праблем ці адно заліваюць гора гарэлкай.... Дарэчы, гэта пацьвярджае і спэцыяліст, прафэсар-герыятар Аляксандар Хапалюк.

(Хапалюк: ) “Мужчыны больш сваё здароўе падвяргаюць шкодным фактарам. Адзін філёзаф, лекар 11 стагодзьдзя Маймон, казаў: мала памірае сваёй сьмерцю, большасьць – ад безрассуднасьці быція. Дык вось, мужчыны вельмі многія перабіраюць з алькаголем. Гэта адна з прычынаў, чаму жанчыны па працягласьці жыцьця апярэджваюць мужчынаў”.

Дарэчы, менавіта ў Беларусі жыве адна з самых старэйшых жанчын плянэты. Ганна Адамаўна Барысевіч нарадзілася яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі, у 1888 годзе. 5 траўня ёй будзе 117 гадоў. Беларуска толькі на год маладзейшая за самую сталую жыхарку сьвету, амэрыканку Мод Фары Люз.

Ганна Адамаўна нарадзілася ў Ігуменскім (цяпер Чэрвеньскім раёне). Выгадавала траіх дзяцей. Цяпер ў яе шасьцёра ўнукаў, 13 праўнукаў і трое прапраўнукаў. Дарэчы, жыве яна ў Менску разам са старэйшай дачкой і сям''ёй унука. Ганна Адамаўна кажа, што менавіта працалюбівыя людзі доўга жывуць. Зь ежы – ніякіх далікатэсаў ніколі нават і не каштавала: яе рацыён – сала, бульба, гародніна, малако. Нягледзячы на тое, што дрэнна бачыць, на жыцьцё ня скардзіцца.

(Барысевіч: ) “У мяне бабуля была – пражыла 113 гадоў, але яна не хварэла. Хоць бы і я так памерла, не хварэючы. Ужо ўсе мае сяброўкі паўміралі, толькі я адна засталася. Жыць хораша было, усё добрае было. Самае цікавае, калі чалавек малады. Ці на вечарынку пойдзеш, пагуляеш, хоць і апрануць не было чаго. Адна сукенка была. Але я танцавала дужа лёгка, дык мяне адусюль выцягнуць, каб танцаваць ішла. Яшчэ Бог дае сілы. Я ніколі не курыла. Што да гарэлкі, гэта калі бяседа якая, а так не пілі. Я ніколі ў жыцьці п’янаю не была. Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга, а калі будзеш нэрвавацца, злавацца – то хутка “парыесся”.

У свае амаль 117 Ганна Адамаўна добра сьпявае. А вось колькі ў Беларусі доўгажыхароў – а доўгажыхарамі лічацца людзі, якім 90 і больш – вы даведаецеся з наступнай праграмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG