Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь займае чацьвёртае месца ва Ўсходняй Эўропе па пастаўцы сэкс-рабыняў


Сьвятлана Курс, Менск У Барысаве праходзіць швэдзка-беларуская канфэрэнцыя па праблемах гандлю жанчынамі. На канфэрэнцыі швэдзкія экспэрты й беларускія міліцыянты пазначылі шляхі і прычыны распаўсюду гандлю беларускімі грамадзянкамі. Спэцыялісты канстатуюць: такой хвалі рабаўладаньня не было з часоў вывазу рабоў з Афрыкі.

Наколькі ўсё ж актуальная праблема гандлю людзьмі для Беларусі? Паводле прысутных швэдзкіх экспэртаў, Беларусь займае адно з першых месцаў па пастаўцы сэкс-рабыняў на рынкі Заходняе Эўропы. Усяго ў Заходнюю Эўропу патрапляюць 400-600 тысячаў жанчын з Усходняе Эўропы й Афрыкі. Усьлед за Расеяй, Украінай і Малдовай, наша краіна займае чацьвёртае месца па пастаўцы сэкс-рабыняў.

Паводле зьвестак супрацоўнікаў МУС, якія прысутнічалі на канфэрэнцыі, беларускі ў асноўным падаюцца у Маскву. Супрацоўніцы швэдзкіх недзяржаўных арганізацыяў па запабяганьні трафікінгу цьвердзяць: нашыя суайчыньніцы поруч з украінкамі і расіянкамі стаяць на польска-чэскай і чэска-нямецкай межах. Прычым попытам сярод мужчынаў карыстаюцца цяпер цяжарныя прастытуткі. Таму на гэтых межах знаходзяць целы нованароджаных, а у сувязі з лібэралізацыяй права на аборт беларускія грамадзянкі на позьніх тэрмінах цяжарнасьці едуць у родную краіну зьдзяйсьняць аборты.

Наконт таго, колькі беларускіх жанчын становяцца штогод ахвярамі трафікінгу – дакладнай статыстыкі няма ні ў кога. Да прыкладу, у барысаўскім РАУС на ўліку стаяць 23 жанчыны, аднак насамрэч статыстыка ў разы большая, сьцьвярджаюць супрацоўнікі МУС, хаця і зьменшылася з 2001 г., калі былі прынятыя жорсткія заканадаўчыя меры супраць гандляроў жывым таварам.

Якія асноўныя прычыны узрастаньня трафікінгу жанчын у заходнюю Эўропу? Беларускія міліцыянты і швэдзкія спэцыялісты супольна склалі сьпіс такіх прычынаў. Ён гучыць так: вялікі попыт на сэкс-паслугі з боку эўрапейскіх мужчынаў, безнадзейнае сацыяльна-эканамічнае становішча жанчын ва Ўсходняй Эўропе, “рамантызацыя” прастытуцыі ў СМІ, фактычная легалізацыя прастытуцыі ў 15 краінах Эўропы і ў шэрагу штатаў Аўстраліі.

Ангела Беаўзанг, кіраўніца швэдзкай нацыянальнай арганізацыі барацьбы за правы жанчын заяўляе: існуе магутнае лабіраваньне легалізацыі прастытуцыі ў Заходняй Эўропе. Ужо 15 эўрапейскіх краінаў выказаліся за легалізацыю прастытуцыі на сваіх абшарах, кажа спадарыня Беаўзанг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG