Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бабруйскі кур’ер”: за 2 месяцы бюджэт горада не даатрымаў 2 мільёны рублёў падаткаў


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Незалежны тыднёвік “Бабруйскі кур’ер” у сёньняшнім нумары друкуе артыкул пад назваю “У замкнутым коле”. Менавіта ў такое становішча патрапілі некаторыя прадпрыемствы Бабруйску з прычыны ўвядзеньня сумнавядомага падатку на даданую вартасьць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цягам двух месяцаў бюджэт горада не даатрымаў 2 мільёны рублёў чаканых падаткаў. З гэтай прычыны ўлады ня могуць своечасова выплаціць заробкі, жыхары – камунальныя паслугі, а прадпрыемствы сыстэмы энэргазабесьпячэньня з-за гэтага ня маюць грошай на набыцьцё энэрганосьбітаў.

У сьвежым нумары “Віцебскага кур’еру” паведамляецца пра стварэньне на прадпрыемствах Віцебску незалежных Саветаў прадпрымальнікаў. Паводле лідэраў грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва”, гэта дапаможа абараняць інтарэсы дробных бізнэсоўцаў. Дарэчы, зараз віцебскія гандляры чакаюць абяцанага ўрадам і прэзыдэнтам унармаваньня мэханізма аплаты новага падатку – паведамляе Віцебскі кур’ер”.

Тыднёвік “Кур’ер з Барысава” ў сёньняшнім нумары друкуе артыкул пад назваю “Сем гадоў будаваліся, каб месяц пажыць па-чалавечы”. Гэта гісторыя, як у мястэчку Блонь, што каля Барысава, сем гадоў будаваўся спэцыялізаваны Дом дзіцяці для сіротаў, якія маюць цяжкія захворваньні. Будаўніцтва дома й ягонае начыньне прафінансавалі дабрачынныя арганізацыі Нямеччыны і Ангельшчыны. Будынак быў здадзены напрыканцы мінулага году, а напачатку гэтага году 60 хворых дзяцей у веку ад 6 месяцаў да 4 гадоў былі пераведзеныя ў звычайныя сіроцкія прытулкі. Гэтак распарадзілася міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка, спаслаўшыся на тое, што новаму Дому дзіцяці патрэбная сталоўка, а грошай на яе будаўніцтва ў дзяржавы няма.

“Віцебскі кур’ер” паведамляе таксама, што ініцыятары перайменаваньня вуліцы Кірава ў вуліцу Васіля Быкава ў Наваполацку атрымалі ад гарадзкіх уладаў адмову ў сваёй просьбе. Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Аляксандр Камароў у афіцыйным адказе заявіў, што “абгрунтаваных падставаў для перайменаваньня вуліцы Кірава не існуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG