Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскім журналістам не дазволілі наблізіцца да будынку РАУС у Горадні


Сяргей Астраўцоў, Горадня 20 сакавіка гарадзенскія міліцыянты разагналі групу польскіх журналістаў, якія прыйшлі сустрэць намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага, якога выпусьцілі з-за кратаў пасьля 10 сутак арышту.

Журналісты сустрэліся зь ім каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, дзе ў спэцпрыёмніку трымаюць арыштантаў. Адразу зьявіліся некалькі міліцыянтаў, частка зь іх у цывільным, і два амонаўцы. Яны пачалі адганяць журналістаў прэч, гаворачы, што РАУС — гэта “спэцыяльны” будынак, у якім “спэцыяльная” апаратура, і знаходзіцца побач нельга.

Журналісты адышлі ад міліцыі, але адразу зьявіўся відэаапэратар, які стаў іх фільмаваць. Кіраваць дзеяньнямі міліцыянтаў пачаў начальнік РАУС Іван Шмакаў, які прыбыў на месца здарэньня. Інцыдэнт адбыўся з 11.30 да 12-ці гадзінаў.

Сустракаць Юзафа Пажэцкага прыехаў часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марэк Буцько (амбасадар зараз у адпачынку). Міліцыянты кінуліся фільмаваць машыну з дыпляматычным нумарам, хацелі затрымаць кіроўцу. Машына была прыпаркаваная насупраць РАУС. Сам спадар Буцько быў вымушаны выйсьці вонкі.

Міліцыянты прыгразілі намесьніку старшыні Саюзу палякаў, што будуць лічыць, што ён нібыта арганізаваў на вуліцы несанкцыянаванае мерапрыемства.

Спадара Пажэцкага пасадзілі напярэдадні 6-га зьезду Саюзу палякаў, на якім адбылася зьмена кіраўніцтва. На яго падаў у суд заяву былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі, заявіўшы, што Пажэцкі даў яму поўху. Сам Пажэцкі назваў пазоў сфальшаваным.

Гл. таксама • Дэпутатам стаў рэктар ГрДУ, міліцыянты зьнішчылі відэазапіс
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG