Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці супрацоўнічае польская паліцыя зь беларускім спэцназам “Алмаз”?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пакуль застаецца незразумелым, ці беластоцкая паліцыя на падставе пагадненьня з МУС Беларусі ладзіла адмысловыя курсы для супрацоўнікаў беларускага спэцназу “Алмаз” ці не. Інфармацыю аб тым, што супрацоўнікі “Алмазу” былі ў Польшчы распаўсюдзіў напярэдадні МУС Беларусі.

У чацьвер увечары прэсавая сакратарка беластоцкай паліцыі Бэата Халеўска заявіла журналістам, што камэндант паліцыі гэтага гораду “ніякага пагадненьня зь міністэрствам ўнутраных справаў Беларусі не падпісваў, не прымаў ніякіх гасьцей і не ладзіў ніякіх курсаў”.

Між тым, прэсавы сакратар паліцыі Падляшскага ваяводзтва Яцэк Дабжынскі ў адмысловай заяве напісаў, што ў Польшчы сапраўды была група “антытэрарыстаў” зь Беларусі, а іхны візыт быў працягам леташніх міжнародных антытэрарэстычных манэўраў, якія адбываліся каля гораду Сувалкі.

На пытаньне Польскага прэсавага агенцтва, ці сярод гасьцей зь Беларусі былі супрацоўнікі “Алмазу” спадар Дабжыньскі паведаміў, што ня ведае, бо “не знаёмы са структурай беларускіх антытэрарыстычных службаў”.

У заяве гаворыцца таксама, што паліцыю спрабуюць “уцягнуць у палітычныя гульні”.

Польскія мэдыі таксама прыгадваюць, што некалькі былых супрацоўнікаў “Алмазу” сядзяць у турме за забойства Зьміцера Завадзкага, а камандзірам гэтай адзінкі быў раней Уладзімер Навумаў, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

***

Нагадаем, што летась пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму ў Беларусі міністэрства ўнутраных справаў Польшчы прыпыніла дзеяньне пагадненьня паміж польскай Вышэйшай школай паліцыі і Акадэміяй МУС. Пагадненьне было падпісанае за два тыдні да гэтага і тычылася абмену курсантамі. Міністар унутраных справаў Польшчы Рышард Каліш, патлумачыў прыпыненьне пагадненьня, заявіў, што ня хоча, каб польскія паліцэйскія трэніраваліся разам з тымі, хто перасьледуе і зьбівае мірных дэманстрантаў, якія змагаюцца за дэмакратычныя свабоды. На наступны тыдзень пасьля рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году ў Менску прайшлі некалькі дэманстрацыяў пратэсту, які жорстка разагналі міліцыя і амонаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG