Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку будзе ўсталяваны помнік Слуцкім ткачыхам


Галіна Абакунчык, Менск У Міжнародны дзень музэяў, 18 сакавіка, культурна-асьветніцкі клюб “Спадчына” ў Доме літаратара прэзэнтаваў праекты помнікаў Францішку Багушэвічу й Альгерду Абуховічу-Бандынэлі. Помныя знакі будуць усталяваныя ў Слуцку з нагоды 165-угодкаў з дня нараджэньня заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Акрамя таго, сёлета ў Слуцку зьявіцца таксама помнік Слуцкім ткачыхам.

Адначасна з мадэлямі помнікаў адбылася прэзэнтацыя мастацкага партрэта Альгерда Абуховіча-Бандынэлі, які на замову “Спадчыны” выканаў вядомы беларускі мастак Алесь Цыркуноў. Паводле майстра, гэткім чынам ён ушаноўвае памяць Абуховіча-Бандынэлі, як беларускага літаратара й паўстанца – актыўнага ўдзельніка вызвольнага руху пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Акрамя таго, асоба пісьменьніка цікавая й тым, што ён быў нашчадкам прадстаўнікоў двух вялікіх народаў– беларускай шляхты са Случчыны й старажытнага італьянскага роду. І гэта знайшло адлюстраваньне на партрэце – кажа спадар Цыркуноў.

(Цыркуноў: ) “Я вырашыў выбраць гербы тых мясцовасьцяў адкуль ён родам, і адкуль ягоны італьянскі род. У яго, аказваецца, быў шляхецкі герб і па мячу й па кудзелі. Гэткім чынам, сышліся дзьве стыхіі – італьянская й беларуская. А між імі – кайданы. Сёньня мы што – не ў кайданах? Самі ведаеце. Таму й на партрэце ёсьць элемэнт такі.”

Помнік Абуховічу-Бандынэлі й Францішку Багушэвічу ўяўляюць сабой барэльефы, якія будуць замацаваныя ў буйных валунах. Гэтаксама будзе выглядаць і помнік слуцкім ткачыхам, але з той розьніцай, што на барэльефе зьмешчаныя дзьве жаночыя постаці й ткацкі станок. Аўтар ідэі, кіраўнік клюбу “Спадчына” Анатоль Белы, мае вялікія спадзяваньні, што ўсе тры помныя знакі будуць усталяваныя ў Слуцку ўжо сёлета й вось як гэта тлумачыць спадар Белы.

(Белы: ) “Перад тым, як гэта зрабіць, мы правялі вялікую працу з кіраўніцтвам раёну. І як бы там ні было, але сёлета ў Слуцку будуць “Дажынкі” і, я думаю, к “Дажынкам” ім нешта трэба будзе ставіць і рабіць.”

Паводле спадара Белага, неўзабаве ягоны прыватны музэй у Старых Дарогах, дзе ўсталяваныя каля двух дзесяткаў помнікаў вядомым дзеячам гісторыі й культуры Беларусі, таксама папоўніцца новымі мэмарыяльнымі знакамі.

На сёньня, прыватны музэй Анатоля Белага ў Старых Дарогах мае ў экспазыцыі 1.700 твораў жывапісу, графікі й скульптуры. У 2003 годзе ён быў зарэгістраваны ў штаб-кватэры ЮНЭСКА.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG