Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарцэтрапіб – рэвалюцыйны мэдыкамэнт ад інфаркту або хітрыкі фармацэўтаў?


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: новы лек супраць інфаркту ды інсульту. Адныя кажуць, што гэта пералом ў барацьбе з сардэчна-судзіннымі хваробамі, а іншыя лічаць, што гэта хітрык фармацэўтычнай кампаніі, каб зарабіць вялізныя грошы.

Рэдка бывае так, што лек пра які вядома, што зьявіцца ў продажы не раней як праз два гады, выклікаў такія гарачыя дыскусіі і эмоцыі. Аднак ў гэтым выпадку ўсё зразумела: гутарка ідзе пра здароўе мільёнаў людзей па ўсім сьвеце. Прынамсі гэтак запэўнівае вытворца. Затое апанэнты заяўляюць, што гаворка ідзе зусім не пра здароўе, але пра патэнцыйныя мільярды даляраў прыбытку з продажу новага прэпарату – тарцэтрапібу (torcetrapib). Яго вытворца, фармацэўтычная кампанія Pfitzer, мае намер прадаваць яго выключна ў спалучэньні зь іншым, даўно вядомым і папулярным лекам супраць сардэчна-судзінных хваробаў – ліпіторам (lipitor).

Сардэчна-судзінныя хваробы займаюць першае мейсца сярод прычынаў сьмерці ў разьвітых краінах. Таму зразумела, што найчасьцей дактары прапісваюць тыя лекі, якія маюць засьцерагчы людзей ад інфаркту. Адным з такіх лекаў зьяўляецца атравастын, які прадаецца пад гандлёвымі назвамі “Ліпітор” (lipitor) альбо “Сортыс” (sortis). Ліпітор, гэтак і ўсе астатнія статыны, засьцерагае ад хваробаў сэрца шляхам зьніжэньня гэтак званага “дрэннага” халестэрыну, які адказны за артэрыясклероз і эвэнтуальна – за інфаркт ды інсульт. Гэта самы папулярны лек у сьвеце і асноўныя прадукт фірмы Pfitzer.

Цяпер кампанія хоча даць лекарам і пацыентам чарговую прыладу ў барацьбе з сардэчна-судзіннымі хваробамі сэрца – тарцэтрапіб. Ён, у сваю чаргу, падвышае ў нашай крыві ўзровень “добрага” халестэрыну (HDL), які засьцерагае ад артэрыясклерозу. У часе канфэрэнцыі Амэрыканскага коледжу кардыялёгіі ў Арланда дасьледчыкі з Pfitzera прадставілі вынікі двух дасьледаваньняў з удзелам 336 пацыентаў. Паводле іх, тарцэтрапіб уздымае ўзровень “добрага” халестэрыну на 55%.

Ідэя зрабіць лек больш эфэктыўным несумненна высакародная, калі б не адна засьцярога. Справа ў тым, што вытворца хоча іх прадаваць толькі разам: маўляў, хочаце торцэтрапіб, калі ласка, але толькі ў спалучэньні з нашым ліпіторам, ці сортысам. “Гаворка ідзе пра спалучэньне малекулаў, што павінна ўзмацніць тэрапэўтычны эфэкт”, а – кажа доктар Джон Ла Маціна, кіраўнік дасьледчага інстытуту кампаніі Pfitzer.

“Гэта вельмі няўдачнае рашэньне”– заявіў ў сваю чаргу доктар Майкл Кроўфорд з факультэту клінічнай кардыялёгіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. “Вытворца можа рэкамэндаваць пацыентам тарцэтрапіб ў спалучэньні з ліпіторам, але павінен даць магчымасьць прыймаць яго разам і зь іншымі статынамі. Апрача таго, у некаторых выпадках больш эфэктыўнае прыйманьне самога тарцэтрапібу – лічаць іншыя экспэрты.

Затое доктар Ален Тэйлар, кардыёляг з вайсковага мэдычнага цэнтру Ўолтэр-Рыд кажа, што на падвышэньне ўзроўню “добрага” халестэрыну ўжо даўно існуе выпрабаваны лек. Гэта ніяцын, вядомы таксама як вітамін Б-3, альбо “нікатынавая кіслата”. Згодна з ранейшымі дасьледаваньнямі, ніяцын можа падвысіць ўзровень “добрага” халестэрыну на 30%. Доктар Тэйлар лічыць, што не зважаючы на невялікія пабочныя эфэкты, гэта найбольш эфэктыўны лек, і пры гэтым, ён бясьпечны ў спалучэньні са статынамі.

Варта дадаць, што недахоп вітаміну Б-3 у арганізьме выклікае пэлагру. Хвароба выяўляецца ў паражэньні страўнікавага тракту, паносе, зьменах на скуры, і псыхічным расстройстве: дэпрэсіі, суіцыдальных схільнасьцях і страце памяці. Пэлагра пераважна ўзьнікае пры хранічным недаяданьні, альбо пры вельмі аднастайным харчаваньні. Найчасьцей хвароба сустракаецца сярод жанчын ў трапічных і суб-трапічных краінах. Багатымі крыніцамі вітаміну Б-3 зьяўляюцца: малочныя прадукты, не тлустае мяса, рыба, арэхі і яйкі.

На думку апанэнтаў, Pfitzer прыдумаў камбінаваны лек з мэркантыльных меркаваньняў: каб засьцерагчы ліпітор ад канкурэнтных прадуктаў. Фірма страціць патэнт на ліпітор у 2010 годзе. Гэта значыць, што праз 5 гадоў Pfitzer мог бы прадаваць яго і далей, але пад іншай назвай і значна таньней, а цяпер лек дае 11 мільярдаў прыбытку ў год.

Не зважаючы на ўсе папрокі, кампанія Pfitzer хоча даказаць, што камбінацыя двух лекаў дае лепшы эфэкт, чым кожны лек паасобку. Фірма паведаміла, што прыступае да буйнамаштабных дасьледаваньняў з удзелам 25 тысяч пацыентаў, якія будуць каштаваць 800 мільёнаў даляраў. Вытворца хоча давесьці, што камбінаваны лек значна лепшы за сам ліпітор. Калі дасьледаваньні гэта пацьвердзяць, Агенцтву харчаваньня і лекаў у ЗША не застанецца нічога іншага, як дапусьціць лек да продажу. У выніку, для іншых кампаніяў, якія таксама працуюць над падобнымі лекамі гэта будзе азначаць, што яны дарэмна трацяць час і грошы.
XS
SM
MD
LG