Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заняла будынак абласной адміністрацыі ў Таласе


Юры Дракахруст, Прага У Кыргызстане апазыцыя сёньня працягвае акцыі пратэсту з патрабаваньнем скасаваць вынікі нядаўніх парлямэнцкіх выбараў. Сёньня маніфэстанты перакрылі шашу Ош-Бішкек. У горадзе Талас яны сёньня вызвалілі губэрнатара вобласьці, захопленага 2 дні таму.

Удзельнікі масавых акцыяў пратэсту ў Таласе працягваюць утрымліваць будынак абласной адміністрацыі, заняты два дні таму. Аднак яны вызвалілі з аблогі губэрнатара вобласьці Іскандэра Айдараліева. Гэта было зроблена паводле просьбы аднаго зь лідэраў апазыцыі, Раўшана Іенбекава, які пацярпеў паразу на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Зьвяртаючыся да сваіх прыхільнікаў, апазыцыйны лідэр казаў:

(Іенбекаў: ) “Ня будзе аніякай перашкоды, каб губэрнатар выйшаў. Мы гэта вырашылі з вамі. Мы дамовіліся пра гэта? Мы пагадзіліся? Давайце вызвалім шлях. Адкрыйце шлях”.

Удзельнікі акцыяў пратэсту патрабуюць перагаласаваньня парлямэнцкіх выбараў у Таласе і звальненьня мясцовых кіраўнікоў.

Між тым, сёньня маніфэстанты занялі будынак мясцовай адміністрацыі яшчэ ў адным горадзе на поўдні краіны ў Джэлалабадзе.

Дэвід Льюіс, дырэктар сярэднеазіяцкага праекту Міжнароднай крызыснай групы, адзначае, што акцыі пратэсту праходзяць дастаткова дысцыплінавана.

(Льюіс: ) “У вялікай ступені лідэры апазыцыі трымаюць масавыя выступы пад кантролем і відавочна спрабуюць накіраваць іх на падтрымку патрабаваньняў аб зьмене палітыкі. Іх галоўнае патрабаваньне – датэрміновая адстаўка прэзыдэнта Акаева. Яны спрабуюць аб’яднаць людзей вакол гэтага лёзунга. Яны маюць пэўную падтрымку на поўдні і ў такіх месцах як Талас”.

Паводле экспэрта ўлада дэманструе пэўную разгубленасьць, няведаньне, яек рэагаваць на масавыя выступы пратэсту.

Прэзыдэнт Аскар Акаеў учора абвінаваціў лідэраў апазыцыі ў спробе распаліць грамадзянскую вайну і папярэдзіў, што асобы, якія захопліваюць адміністрацыйныя будынкі, будуць пакараныя.

(Акаеў: ) “Той, хто арганізоўваў масавыя забурэньні, будуць абавязкова несьці адказнасьць за стварэньне напружанасьці ў некаторых рэгіёнах краіны. Я заклікаю нашых грамадзянаў у Таласе, Джэлалабадзе і Ўзгене заставацца спакойнымі”.

На думку Дэвіда Льюіса калі ўлады ня пойдуць на кампраміс, то сытуацыя можа яшчэ больш абвастрыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG