Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень сёмы: некаторыя прадпрымальнікі спынілі страйк


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Панядзелак – сёмы дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, якія, нагадаем, дамагаюцца адмены падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ). У некаторых рэгіёнах у прадпрымальніцкіх шэрагах пачаліся хістаньні наконт працягу акцыі. Адныя лічаць яго бессэнсоўным і пакрысе вяртаюцца на працоўныя месцы, іншыя цьвёрда перакананыя ў неабходнасьці далейшага пратэсту.

У Барысаве бязь зьменаў: тутэйшыя бізнэсоўцы страйкуюць па-ранейшаму актыўна. Гаворыць адзін з кіраўнікоў мясцовай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Мікалай Віторскі:

(Віторскі: ) “Гандляры рэчамі “стаяць” усе. На стадыёне гандляроў – 500 чалавек, але толькі дзесяць палатак працуе. Гэта мізэр – 2 працэнты. Палова павільёнаў, якія гандлююць рэчамі, таксама ня працуюць. Каму трэба 18 працэнтаў падатку плаціць, ніхто ня выйшаў на працу. Гэта ня рэальна”.

Паводле зьвестак “Пэрспэктывы”, гэткім жа чынам складваецца сытуацыя і на рынках многіх іншых гарадоў: Мазыра, Сьветлагорску, Салігорску, Крупак, Слуцку й іншых.

Зусім іншая карціна ў Бабруйску. Вось што паведаміла на гэты конт тутэйшая прадпрымальніца Алена Мядзьведзева:

(Мядзьведзева: ) “Бабруйск працуе. Няма ніякіх праверак. У нас людзі такія: сёньня іх ня чапаюць – усё добра. Заўтра “смажаны” певень дзюбне – будуць іншыя размовы”.

У многіх рэгіёнах прадпрымальнікі падзяліліся. Адныя працягваюць акцыю пратэсту, іншыя вярнуліся на працоўныя месцы. Гэткая сытуацыя назіраецца, напрыклад, у Віцебску. Гаворыць адзін зь лідэраў мясцовых прадпрымальнікаў Анатоль Шапавалаў:

(Шапавалаў: ) “У нас сытуацыя такая: 50 працэнтаў на 50. Многія выйшлі на працу – заплацілі арэнду за 4 дні. Праўда, сёньня людзей выйшла менш. Тым ня менш, працуе гандлёвы цэнтар “Эўропа”, крыты рынак ”Івіко”. Там таксама працэнтаў 60-70% прадпрымальнікаў”.

Разам з тым, паводле спадара Шапавалава, у Віцебску працягвае страйкаваць большасьць гандляроў “Полацкага” і “Смаленскага” рынкаў.

Супярэчлівае стаўленьне да акцыі ў асяродзьдзі сталічных прадпрымальнікаў. Напрыклад, сёньня на менскім рынку “Дынама” працавала ўсяго каля 10 адсоткаў бізнэсоўцаў, хаця ўчора іх тут было значна больш.

Паводле намесьніка старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандра Лапоткі, гэта выклікана аб’ектыўнымі прычынамі: частка гандляроў вярнулася на працоўныя месцы, каб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча:

(Лапотка: ) “Для іх гэта безвыходная сытуацыя. У людзей няма ні капейкі грошай. У іх засталася жахлівая злосьць. Многія людзі – у адчаі. Але выйсьця ў іх няма з гэтай сытуацыі. Яны гэта самі разумеюць. Мэханізм спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць ня распрацаваны”.

Гл. таксама • На кірмашах адбываюцца сутычкі паміж страйкоўцамі і штрэйкбрэхерамі • Ці стане страйк прадпрымальнікаў дэтанатарам беларускага грамадзтва
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG