Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усім беларусам адмовілі ў акрэдытацыі назіральнікаў на выбарах у Малдове


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менск вярнуліся 46 актывістаў беларускіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія зьбіраліся назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў Малдове, але былі дэпартаваныя ўладамі гэтай краіны. Беларускія назіральнікі распавялі, што яны шмат гадзінаў знаходзіліся ў ачэпленым малдоўскімі спэцслужбамі цягніку ў досыць цяжкіх умовах.

Я сустрэў кішынёўскі цягнік, якім ехалі дэпартаваныя беларускія назіральнікі, на менскім чыгуначным вакзале. Калі з вагону выйшла сакратар ЦК Партыі камуністаў Алена Скрыган, я папрасіў яе распавесьці, што адбывалася зь ёй і яе калегамі ў Малдове.

(Скрыган: ) “Нас заблякавалі на мяжы з Малдовай. Супрацоўнікі спэцыяльных службаў Малдовы забралі нашыя пашпарты й хацелі, каб мы там выйшлі. Але мы сказалі, што будзем ехаць да Кішынёва, бо нас там павінны сустрэць, аддаць нашыя пасьведчаньні, і мы паехалі да Кішынёва. Аднак у Кішынёве быў заблякаваны вакзал, нас ня выпусьцілі з вагонаў, дакумэнты нам таксама не аддалі, і калі мы пыталіся, што ад нас хочуць, нам нічога не адказвалі. Нас сабралі ў адным вагоне, людзям не хапала паветра. Выклікалі “хуткую дапамогу”, таму што ў многіх падняўся ціск і з сэрцам было дрэнна”.

Супрацоўнікі малдоўскіх спэцслужбаў дагледзелі асабістыя рэчы беларусаў і празь некалькі гадзінаў паведамілі, што прынятае рашэньне аб іх дэпартацыі. Чаму камуністычныя ўлады Малдовы дэпартавалі беларусаў, сярод якіх было нямала камуністаў? Вось меркаваньне спадарыні Скрыган:

(Скрыган: ) “Мы лічым, што гэта нейкая правакацыя, накіраваная нават супраць улады. Таму, што ўлада для сябе зрабіла горш, калі нас адправіла назад. У нас не было ніякіх экстрэмісцкіх думак. Мы былі настроеныя так, каб усё прайшло нармальна, па закону”.

Але выглядае на тое, што вышэйшыя ўлады Малдовы маюць самае непасрэднае дачыненьне да дэпартацыі замежных назіральнікаў. Прэзыдэнт гэтай краіны Ўладзімер Варонін падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што міжнародныя арганізацыі прывезьлі ў Малдову замежных грамадзянаў дзеля арганізацыі масавых беспарадкаў і зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў.

Пра гэта паведаміла актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Марына Багдановіч, якая разам з 50 сваімі калегамі цяпер знаходзіцца ў Кішынёве. Усім беларусам адмовілі ў акрэдытацыі назіральнікаў, і цяпер яны знаходзяцца на тэрыторыі аднаго з дамоў адпачынку, блякаванага малдоўскімі спэцслужбамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG