Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень чацьверты: у Магілёве страйк працягваецца


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Прадпрымальніцкія страйкі працягваюцца ў рэгіёнах. У Магілёве не працуюць усе рэчавыя рынкі і частка прыватных гандлёвых цэнтраў. 4 сакавіка дробныя гандляры зноў зьбіраюцца на цэнтральнай плошчы Магілёва. Гэта будзе ўжо трэці ад 1 сакавіка збор пад вокнамі Магілёўскага аблвыканкаму.

Чыноўнікі і міліцыянты нэрвуюцца. Былі спробы затрыманьня лідэраў прадпрымальнікаў. У сераду, пасьля перамоваў з кіраўніком “вэртыкалі” вобласьці міліцыянты спрабавалі затрымаць сем чалавек, прадстаўнікоў дробных гандляроў.

Сярод іх быў і лідэр абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якія таксама мае пасьведчаньне прыватнага прадпрымальніка і далучыўся да страйкоўцаў.

Звычайна (прынамсі, да апошняга часу) прадпрымальнікі падкрэсьлівалі не палітычны, а эканамічны характар сваіх патрабаваньняў і не хацелі зносіцца з дэмакратамі. Галоўнай адметнасьцю магілёўскага страйку стала якраз далучэньне да акцыі пратэсту палітыкаў – прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партыяў, маладафронтаўцаў і зуброўцаў.

Дарэчы, учора яны разам з прадпрымальнікамі – шмат людзей, больш за сотню чалавек – прыйшлі да Ленінскага райаддзелу міліцыі, каб не дапусьціць затрыманьня і пакараньня Рыгора Кастусёва, якога напярэдадні позвай выклікалі ў міліцыю.

Пасьля працяглай гутаркі Кастусёва адпусьцілі, і ён лічыць, што тут паўплывала якраз ягоная шматлікая група падтрымкі.

(Кастусёў: ) “Зь 1 сакавіка я паглядзеў, што прадпрымальнікі не адварочваюцца ад тых людзей, якія займаюцца палітыкай. Яны бачаць сапраўдную падтрымку тых людзей і разумеюць, што гэта больш арганізаваная сіла, і трэба ім арганізоўвацца. Прадпрымальнікі пагадзіліся, што толькі разам мы можам адстойваць адзін аднаго”.

Магілёўскія прадпрымальнікі вырашылі сабрацца сёньня разам на плошчы, але канкрэтнага пляну дзеяньняў ні на сёньня, ні на будучае ў іх няма. Што будзе далей – ніхто не ведае. У Магілёве гавораць, што шмат чаго залежыць ад цэнтру, ад Менску, бо менавіта там вырашаюцца галоўныя праблемы.

Аднак чым бы ні скончыўся страйк, гэтая падзея мае, на думку многіх магілёўцаў, важнае значэньне. Даўно ніхто не выходзіў на акцыі пратэсту да Магілёўскага аблвыканкаму. Жыхары гораду, як бы яны ні ставіліся да страйку, уражаныя тым, што людзі проста выходзяць на вуліцу і нешта патрабуюць.

Праўда, прагнозы магілёўцаў наконт таго, ці змогуць дамагчыся дробныя бізнэсоўцы ў выніку страйку, у большасьці пэсымістычныя.

(Спадарыня: ) “Калі гэта прынята на ўзроўні усёй дзяржавы, то наўрад ці пойдуць на саступкі”.

(Спадар: ) “Калі нешта рабіць і біць у адну кропку, то заўсёды можна дамагчыся чаго-небудзь”.

(Іншы спадар: ) “Калі перамогуць, то трэба ўраду сыходзіць у адстаўку. А ўрад у нас у адстаўку ніхто не пусьціць, таму што ў нас усё роўна ўсё вырашае адзін чалавек, а ён не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку, а ідзе на трэці тэрмін пераабраньня”.

Што можна сказаць наконт настрою магілёўскіх страйкоўцаў і што яны мяркуюць рабіць далей? Жанчыны-прадпрымальніцы гавораць вельмі эмацыйна:

(Спадарыня: ) “Будзем перакрываць дарогі, будзем аб’яўляць галадоўкі, ставіць намёты і будзем патрабаваць сваё. Таму што за намі таксама людзі. Мы праклятыя, праклятыя нашай дзяржавай. Чаму мы такія прыніжаныя?”

(Іншая спадарыня: ) “Там, напэўна, сьпяць і бачаць, калі мы будзем у галечы, голыя, халодныя, стаяць і прасіць у іх міласьціну. Статкам лягчэй кіраваць, статкам людзей. Тыя, хто намі кіруюць, ня хочуць усіх бачаць сытымі і шчасьлівымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG