Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Участковы канфіскаваў у прадпрымальніка 12 асобнікаў кнігі "Выпадковы прэзыдэнт"


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Пакуль гаспадар быў у Менску на прадпрымальніцкім мітынгу, зь ягонага мікрааўтобусу былі забраныя 12 асобнікаў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт”.

Як распавёў прадпрымальнік Алег Тычына, які ёсьць сябрам грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” і кіраўніком лепельскага мясцовага прадпрымальніцкага прафсаюзу, несанкцыянаваны ператрус ягонай маёмасьці зрабіў учора ўчастковы інспэктар Ігар Карага. Сьведкамі гэтага сталіся жонка спадара Тычыны, а таксама ягоны сябар, у двары якога і знаходзіўся аб’ект ператрусу – зялёны мікрааўтобус № 3762.

(Тычына: ) “Я ўчора на мітынг езьдзіў, а гэты вось Карага, супрацоўнік міліцыі, правёў несанкцыянаваны ператрус аўтобуса, які стаіць на рамонце ў майго сябра. Было канфіскавана 12 паасобнікаў кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”. Сёньня мы пайшлі да пракурора, спадара Макарава. Я запытаўся: “Ці давалі вы санкцыю на ператрус майго аўтобуса?” Як толькі пракурор убачыў у мяне дыктафон, дык адразу сказаў: “Я з вамі размаўляць ня буду. У мяне не прыёмны дзень, і таму ідзіце адсюль!”

Участковы міліцыянт Ігар Карага заявіў спадару Тычыну, што кнігі будуць перададзены на нейкую экспэртызу. Камэнтаваць гэтае здарэньне для Радыё Свабода спадар Карага адмовіўся.

(Карага: ) “Ня ведаю нават, што вам і сказаць. Такія ж пытаньні па тэлефоне не вырашаюцца”.

Не ўдалося атрымаць камэнтар таксама і ад начальніка лепельскага райаддзелу міліцыі Анатоля Шылы.

(Шыла: ) “Ніякіх інтэрвію ніколі не даваў і даваць не зьбіраюся. А можа, вы агент? Нічога не зьбіраюся вам казаць. Нічога не было, нічога ня ведаю”.

Скаргу на перавышэньне службовых паўнамоцтваў з боку ўчастковага інспэктара і няўважлівае стаўленьне да зваротаў грамадзян з боку пракурора горада Лепеля Алег Тычына ўжо накіраваў у Віцебскую абласную пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG