Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку адбыўся агульнапольскі зьезд Беларускага аб’яднаньня студэнтаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 17 лютага ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

На першай паласе “Ніва” зьмяшчае матэрыял пра агульнапольскі зьезд Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (ці скарочана БАС), што прайшоў напярэдадні ў Беластоку. Ілёна Карпюк, якую дэлегаты зьезду большасьцю галасоў абралі кіраўніцай арганізацыі на чарговы тэрмін, заявіла, што апошнія гады энэргія БАСу была скіраваная ў асноўным на правядзеньне некалькіх мерапрыемстваў, сярод якіх найбольш вядомае – фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Аднак цяпер, паводле спадарыні Карпюк, БАС больш увагі будзе надаваць супрацоўніцтву зь іншымі арганізацыямі. Вырашана таксама, што сёлета Басовішча адбудзецца 22-23 ліпеня як заўсёды ў Гарадку.

Сталы аўтар “Нівы” Віктар Сазонаў спрабуе адказаць на пытаньне, чаму беларускія ўлады ставяць прадпрымальнікаў у такія ўмовы, што тыя, замест каб працаваць, вымушаныя страйкаваць. Спадар Сазонаў піша:

“Першая прычына – палітычная. Прадпрымальнікі – дастаткова незалежная і згуртаваная супольнасьць. Ёю цяжка маніпуляваць, а яшчэ цяжэй гэтых людзей кантраляваць... Другая прычына – эканамічная. Дзяржаве проста трэба грошы. А дзе іх узяць? Адказ просты – у таго, хто ўмее грошы зарабляць”, піша Віктар Сазонаў.

У артыкуле “Кіеў мацуе беларускі дух”, журналістка “Нівы” Ганна Кандрацюк распавядае пра сваё падарожжа ў Кіеў.

“У Польшчы ўжо асвойваюцца з Украінай. Калі летась мы ехалі аўтастопам ва Украіну, дык у польскіх кіроўцаў валасы дыбам падымаліся – Украіна для іх асацыявалася з мафіяй, збродам, гвалтам. Цяпер, калі мы такім жа шляхам дабіраліся ў Кіеў, дык бізнэсоўцы, якія нас падвозілі, казалі што думаюць ці не паехаць туды на вакацыі”, напісала спадарыня Кандрацюк.
XS
SM
MD
LG