Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўская пракуратура папярэдзіла заснавальніка недзяржаўнай газэты “Вольны горад”


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Крычаўская раённая пракуратура аб’явіла папярэджаньне Ўладзімеру Кудраўцаву, заснавальніку і рэдактару недзяржаўнай незарэгістраванай газэты “Вольны горад”. Кудраўцаў і ўся рэдакцыя лічаць гэта за ціск з боку уладаў.

“Вольны горад” — вядомая ў Крычаве недзяржаўная газэта, якая выдаецца больш за пяць гадоў. 299 асобнікаў друкуюцца ў Смаленску і бясплатна распаўсюджваюцца ў Крычаўскім раёне. Уладзімер Кудраўцаў, заснавальнік газэты, быў выкліканы ў раённую пракуратуру 14 лютага.

(Кудраўцаў: ) “Улада цісьне на газэту. З выканкаму паступілі дакумэнты, у якіх да нашай газэты прэтэнзіі. Яны лічаць, што ў артыкулах ёсьць паклёп, абраза ў бок улады, “бацькі” нашага і нібыта заклік да рэвалюцыі паводле Клімава”.

Рэдакцыя лічыць прэтэнзіі пракуратуры неабгрунтаванымі. Газэта, сказаў Уладзімер Кудраўцаў, крытыкуе ўлады, каб яны лепш працавалі, а таксама паведамляе чытачам пра розныя дэмакратычныя праекты і акцыі.

Тым ня менш раённы пракурор Мікалай Розанцаў афіцыйна папярэдзіў заснавальніка газэты.

(Розанцаў: ) “Дапушчаліся такія публікацыі ў гэтай газэце, якія могуць пры пэўных абставінах даць падставу для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Ён папярэджаны, што могуць быць наступствы вельмі дрэнныя для яго”.

Між тым, Уладзімер Кудраўцаў паведаміў, што ў рэдакцыю “Вольнага гораду” трапіла копія ліста з райвыканкаму да намесьнікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў Крычава, якія займаюцца ідэалёгіяй.

(Кудраўцаў: ) “Існуе такая папера, у якой запалохваюць тым, што трэба вышукваць тых людзей, хто газэту дастаўляе, распаўсюджвае і тых, хто чытае. У адным месцы мне сказалі, што калі заўважаць, то з працы будуць звальняць”.

Намесьнік старшыні Крычаўскага райвыканкаму ў справах ідэалёгіі Сяргей Марозаў назваў гэты ліст фальшыўкай. Што ж датычыцца прэтэнзіяў да “Вольнага гораду” з боку раённай вэртыкалі, то спадар Марозаў зазначыў, што ўлады ня лічаць гэтае выданьне з малым накладам за газэту і ўвогуле ставяцца да яго як да ўлёткі.

(Марозаў: ) “Дык ці мала хто ў нейкіх улётках што піша? Да ўлёткі мець прэтэнзіі? Буду я яшчэ зьвяртаць увагу на ўсе гэтыя ўлёткі! Няхай пішуць”.

Заснавальнік “Вольнага гораду” Ўладзімер Кудраўцаў запэўніў, што газэта будзе выходзіць далей і захавае свой стыль і сваю пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG