Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня закаханых людзей у Польшчы – ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Напярэдадні дня сьвятога Валянціна ў Польшчы былі зробленыя цікавыя апытаньні грамадзкай думкі. У адным зь іх у палякаў пыталіся, ці закаханыя яны; другое дасьледаваньне тычылася пацалункаў.

Вынікі апытаньняў сапраўды цікавыя – закаханымі сябе лічаць амаль 60% палякаў. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, што закаханыя – гэта перадусім вельмі маладыя людзі, аказалася, што найбольш закаханых людзей ў Польшчы ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў – больш за 80%.

Сярод тых, каму больш за 35 гадоў, колькасьць закаханых сыстэматычна зьмяншаецца, але нават сярод людзей, якім больш за 65 гадоў, закаханы ўсё яшчэ амаль кожны трэці.

Як аказалася, у гэтай справе маюць значэньне адукацыя, матэрыяльнае становішча і прафэсія. Сярод кіраўнікоў, інтэлігенцыі, тых, хто мае ўласны бізнэс і вышэйшую адукацыю, закаханых значна больш.

Што да пацалункаў, дык іх колькасьць хутка зьніжаецца ва ўсёй Эўропе. Навукоўцы кажуць, што калі 10 гадоў таму сярэдні эўрапеец у год меў 214 палкіх пацалункаў, якія цягнуліся прынамсі 10 сэкундаў, дык цяпер аж на 100 меней! Вінаваты ў гэтым, як кажуць польскія навукоўцы, Галівуд! Бо кіно дае моладзі прыклад паводзінаў, а апошнім часам колькасьць пацалункаў у кіно зьменшылася ажно ў 3,5 разы.

Акрамя таго, польскія навукоўцы падаюць цэлы сьпіс карысных свомасьцяў, якія мае пацалунак. Працытую толькі некалькі пунктаў:

1.

Пацалунак больш важны, чым зубная паста. У часе пацалунку вырабляецца больш сьліны, якая зьмяншае кіслотнасьць, што ў сваю чаргу зьмяншае рызыка карыесу; 2.

У часе пацалункаў спыняецца выдзяленьне атрутных хімічных злучэньняў у розных частках арганізму; 3.

У часе 20-ці сэкунднага пацалунку спальваецца 20 калёрыяў і гэтак далей.

Ці папулярны дзень Сьвятога Валянціна ў Польшчы? Я б сказаў, што гэтае сьвята становіцца ўсё больш папулярным, асабліва сярод моладзі. Старэйшыя людзі ў большасьці лічаць, што гэтая традыцыя чужынская, і што ня варта яе пераймаць. Моладзь сьвяткуе ў асноўным у шматлікіх клюбах, дыскатэках, на канцэртах. Прыкладам, у беларусаў, што жывуць у Варшаве, будзе нагода адзначыць сьвята менавіта на канцэрце – у Малым тэатры выступіць сёньня Віктар Шалкевіч.
XS
SM
MD
LG