Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынц Чарльз і Каміла Паркэр-Боўлз: гісторыя каханьня


Ганна Соусь, Прага Прэтэндэнт на брытанскі каралеўскі пасад прынц Чарльз зьбіраецца ажаніцца са сваёй шматгадовай сяброўкай Камілай Паркер-Боўлз. Вясельная цырымонія адбудзецца 8 красавіка і пакладзе канец 30-гадовым чуткам пра стасункі Чарльза і Камілы. Гэтаксама скончацца спрэчкі і пра тое, ці маюць права абодва разьведзеныя Чарльз і Каміла пабрацца шлюбам.

Прынц Чарльз і Каміла Паркэр-Боўлз блізка знаёмыя ўжо больш за 30 гадоў. Але толькі цяпер іхныя стасункі набудуць афіцыйны статус. Вясельле адбудзецца 8 красавіка ў Віндзарскім палацы. Свае віншаваньні даслаў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр.

(Блэр: ) “Я рады за Прынца Ўэльскага і Камілу Паркэр-Боўлз. Гэта вельмі шчасьлівая навіна, і калі кабінэт міністраў даведаўся пра гэта, ён накіраваў Прынцу і яго сяброўцы віншаваньні ад брытанскага ўраду. Мы ўсе зычым ім шчасьця ў іх будучым сумесным жыцьці. Дзякуй”.

Каміла Паркэр-Боулз – гэта вялікае каханьне ў жыцьці Чарльза. Яны пазнаёміліся падчас матчу ў пола ў 1970 годзе і сталі блізкімі сябрамі. Далей іх шляхі разышліся. Чарльз быў у моры, калі Каміла пабралася шлюбам з былым вайсковым афіцэрам. Празь некалькі гадоў іх стасункі аднавіліся, яны працягвалі сустракацца і пасьля таго, як Чарльз ажаніўся з прынцэсай Дыянай.

Гэтак людзі віталі Чарльза і Дыяну ў Бакінгемскім палацы. Але іхні шлюб скончыўся ў 1996 годзе, і вельмі папулярная тады Дыяна вінаваціла ў разводзе Камілу Паркэр-Боўлз. Праз год пасьля сьмерці Дыяны ў брытанскім грамадзтве яшчэ заставалася пэўная варожасьць да Камілы. Спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў, каб Чарльз і Каміла сталі зьяўляцца разам на публіцы. А ў 2001 годзе падчас дабрачыннай акцыі Чарльз публічна пацалаваў Камілу.

Сыны Чарльза Ўільям і Генры, як кажуць, прынялі сяброўку свайго бацькі. І падаецца, што паступова брытанскае грамадзтва становіцца ўжо менш варожым да яе. Нядаўнія апытаньні паказалі, што тых людзей, якія падтрымліваюць Чарльза, ужо больш чым тых, хто выступае супраць гэтага шлюбу.

Рэлігійныя перашкоды гэтаксама падаюцца пераадоленымі. Праблема палягае ў тым, што ў выпадку заняцьця пасаду прынц Чарльз афіцыйна мае стаць вярхоўным кіраўніком англіканскай царквы. Раней разьведзеным амаль не дазвалялася пабрацца паўторным шлюбам, калі быў жывы былы сужэнец, як у выпадку з экс-мужам Камілы Эндру. Але гэтыя правілы нядаўна былі паслабленыя, і архіепіскап Кентэрбэрыйскі Роўан Уільямс заявіў, што вітае рашэньне Чарльза і Камілы пабрацца шлюбам.

Бацькі Прынца Каралева Елізавета і герцаг Эдынбурскі блаславілі будучых мужа і жонку і пажадалі ім шчасьця. Пасьля вясельля Каміла Паркэр-Боўлз набудзе тытул герцагіні Карнуольскай, але яна ніколі ня будзе называцца каралевай Камілай.
XS
SM
MD
LG