Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне зноў не пускаюць апазыцыянэраў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці 20 сакавіка адбудуцца давыбары ў абласны савет, у якіх мяркуюць браць удзел і прадстаўнікі апазыцыі. Аднак, як і падчас леташніх парлямэнцкіх выбараў, апазыцыянэраў ня хочуць бачыць у складзе ўчастковых выбарчых камісіяў. Справа дайшла да суду.

У Магілёўскай-Мірнай выбарчай акрузе сабраў подпісы за сваё вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Ўладзімер Шанцаў, лідэр абласной арганізацыі АГП.

Апазыцыянэры хацелі вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, аднак не знайшлі паразуменьня з выбарчай камісіяй наконт тэрмінаў здачы дакумэнтаў. Патэнцыйны кандыдат апэлюе да Грамадзянскага кодэксу і адстойвае сваё права здаць дакумэнты ў панядзелак, калі апошні дзень тэрміну прыпаў на выходны дзень.

У абласной выбарчай камісіі з такімі аргумэнтамі не пагаджаюцца. Гаворыць намесьнік старшыні камісіі Ўладзімер Беланогаў:

(Беланогаў: ) “Мы працуем паводле Выбарчага кодэксу, у якім няма такіх паняцьцяў, як працоўны дзень ці выхадны. Там ёсьць жорсткі рэглямэнт”.

Уладзімер Шанцаў зьвярнуўся са скаргай у Магілёўскі абласны суд, аднак там адмовіліся завесьці грамадзянскую справу. Заяўнік лічыць, што абласны суд ухіліўся ад адказу на пытаньне — законна ўчыніла. Уладзімер Шанцаў мяркуе зьвярнуцца са скаргай у Вярхоўны суд Беларусі:

(Шанцаў: ) “Таму што трэба нейкім чынам прымусіць нашыя выбарчыя органы прытрымлівацца заканадаўства”.

Тым часам участковыя камісіі ўжо сфармаваныя — і там няма прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG