Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржава не зацікаўленая ў выданьні сучаснага расейска-беларускага слоўніка?


Іна Студзінская, Менск Ці будуць выдадзеныя новыя грунтоўныя і паўнейшыя за цяперашнія расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі? Ці выдаюцца наагул у краіне ў дастатковай колькасьці лексыкаграфічныя працы і якую ролю ў выданьні слоўнікаў адыгрывае дзяржава?

Першы слоўнік беларускай мовы, укладзены Іванам Насовічам, быў выдадзены ў 1870 годзе ў Санкт-Пецярбурзе. У 1918 годзе выйшаў “Маскоўска-беларускі слоўнік” братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Немалую цікавасьць і сёньня выклікае “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага.У 1928 годзе Некрашэвіч і Байкоў выпусьцілі грунтоўны – на 745 старонак – “Расійска-беларускі слоўнік”. Пра якасьць і паўнату слоўнікаў Некрашэвіча і Байкова сьведчыць той факт, што і цяпер іх ксэракопіямі карыстаюцца рэдактары, лінгвісты, перакладчыкі.

Але ж з таго часу лэксыка ўзбагацілася, зьявілася шмат новых паняцьцяў, тэрмінаў. Зараз лінгвісты карыстаюцца “Русско-белорусским словарём” пад рэдакцыяй акадэмікаў Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і член-карэспандэнта Пятра Глебкі. Праўда, з таго часу выйшла 8 перавыданьняў, пачынаючы з 1982га па 2002 год. Слоўнік стаў трохтомным. Асноўную працу пры перавыданьнях рабіў супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Мікола Крыўко.

Але адмыслоўцы лічаць, што неабходны новы слоўнік. Меркаваньне паліглёта Лявона Баршчэўскага:

(Баршчэўскі: ) “Безумоўна, справа стварэньня грунтоўнага расейска-беларускага слоўніка – гэта вельмі патрэбная справа, таму што слоўнік Крыўка створаны на базе старога слоўніка Крапівы і мае поруч са станоўчымі і даволі шмат адмоўных вынікаў. Грунтоўнага слоўніка для філёляга няма. Акрамя таго, давайце сыходзіць з рэаліяў – патрэбны слоўнік, каб там была і наркамаўка, і тарашкевіца – варыянты, бо прэса выходзіць. І каб там была і лацінка, урэшце”.

Складаньне слоўніка – праца вельмі карпатлівая і складаная. Гаворыць загадчыца аддзелу расейска-беларускіх моўных сувязяў Інстытуту мовазнаўства Валянціна Лемцюгова:

(Лемцюгова: ) “Сапраўды, са слоўнікамі ў нас ня вельмі нармальная сытуацыя. Слоўнік – гэта вельмі карпатлівая работа, ніхто ня хоча над ёй сядзець з маладых. Ведаць трэба шмат, каб рабіць слоўнік. Там жа сыходзяцца, як у фокусе, усе дысцыпліны: граматыка, марфалёгія, сынтаксіс. Плюс чыста лексыграфічныя асаблівасьці: форма падачы, як рэмарку даць, як памету даць, якую памету – гэта вельмі складаная праца”.

У плянах Інстытуту мовазнаўства праца над грунтоўным, паўнейшым расейска-беларускім слоўнікам ня значыцца. Хаця менавіта тут назапашана фундамэнтальная картатэка сучаснай беларускай літаратурнай і дыялектнай лексыкі.

Працуюць энтузіясты – у БДУ выдадзены неблагі, на думку адмыслоўцаў, расейска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй прафэсара Сямешкі (але невялікі, на 20 тысяч). Працуе над слоўнікам і Валянціна Лемцюгова. Але дзяржава абсалютна не зацікаўленая нават у выданьні падрыхтаваных слоўнікаў. Яскравы прыклад – 5 гадоў ляжыць у выдавецтве салідны беларуска-нямецкі слоўнік, 2 гады ня могуць выдаць грунтоўны нямецка-беларускі слоўнік (над абодвума працаваў дацэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Мікалай Кур’янка, які ў адчаі – слоўнікі старэюць). Прычына – няма фінансаваньня. Гутару з лінгвістам Вінуцком Вячоркам.

(Карэспандэнтка: ) “На Вашую думку – сапраўды няма грошай, няма фінансаваньня ці гэта дзяржаўная палітыка? Чаму ў нас такая сытуацыя са слоўнікамі?”

(Вячорка: ) “Калі дзяржава знаходзіць сотні тысяч на розныя хакейныя сьвяты з сумнеўным спартовым зьместам, калі знаходзяцца сродкі на дзяржаўныя прэміі выканаўцам палітычных замоваў, а не знаходзіцца сродкаў на жыцьцёва неабходныя для існаваньня беларускай мовы выданьні, то адказ ясны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG