Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпідэмія птушынага грыпу, што шырыцца з паўднёва-ўсходняй Азіі, можа прыняць усясьветны маштаб


Ул. інф. У зьвязку з чарговай хваляй грыпу, якая чакаецца самым хуткім часам, беларускія эпідэміёлягі раяць людзям з аслабленым імунітэтам па магчымасьці пазьбягаць асабліва людных месцаў, а таксама –гэта тычыцца актыўных турыстаў і аматараў экзатычнага адпачынку – устрымацца ад паездак у паўднёва-ўсходнюю Азію. Пасьля цунамі гэты рэгіён становіцца небясьпечным з гледзішча распаўсюджаньня гібрыду птушынага і чалавечага грыпу. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, птушыны грып ужо забраў дзесяткі жыцьцяў на поўдні Віетнаму. Верагоднасьць масавага заражэньня падобным вірусам-мутантам надзвычай высокая.

Паводле лекараў менскага шпіталя інфэкцыйных захворваньняў, кіраўніцтва беларускага міністэрства аховы здароўя пакуль ніяк не сыгналізавала магчымага прыходу птушынага грыпу ў Беларусь. Аднак у краінах ЭЗ такая мажлівасьць не выключаецца. Вядучыя клініцысты заяўляюць, што эпідэмія птушынага грыпу можа прыняць усясьветны маштаб. Лекаваць жа хворых няма чым.

Паводле мюнстэрскага прафэсара Штэфана Людвіга, чыя лябараторыя займаецца вывучэньнем вірусаў-мутантаў, нейкіх абмежаваньняў на шляху перадачы новай формы грыпу ад чалавека да чалавека не існуе. Калі ў Нямеччыну прыйдзе эпідэмія, то на працягу 6 тыдняў яна можа забраць жыцьці 90 тысячаў чалавек. Выпрабаваньні адпаведных прэпаратаў ужо распачалі, яны праведзеныя на жывёлах, аднак патрэбныя некалькі год, перш чым ім трапіць на фармацэўтычны рынак.

Беларускія вірусолягі цалкам згодныя з падобнымі прагнозамі сваіх калегаў. Спасылаючыся на матэрыялы Ўсясьветнай арганізацыя здароўя, яны сьведчаць, што ў выніку падобнай эпідэміі могуць памерці мільёны людзей на Зямлі. Нават у параўнаньні з такой хваробай як САРС (сындром рэсьпіратарнай недастатковасьці), якая таксама прыйшла з Азіі, новы гібрыд птушынага і чалавечага грыпу мае надзвычай высокую верагоднасьць заражэньня.

На апошніх курсах і сэмінарах, прысьвечаных барацьбе з грыпам і арганізаваных раённымі, гарадзкімі, абласнымі структурамі Мінздраву, мэдыкаў вучаць змагацца зь вядомымі, негібрыднымі формамі хваробы.

Цяпер адным зь лепшых сродкаў супраць грыпу прынята лічыць прышчэпкі. Рабіць іх трэба загадзя: за некалькі месяцаў да хваробы і ніяк не пазьней. Калі ж адчуваеш, што захварэў, рэкамэндуюць капаць інтэрфэрон, піць вітамін С разам з парацэтамолам.

Сярод мэдыкамэнтаў, якія маюцца ў беларускіх аптэках, менскія лекары рэкамэндуюць францускі антыгрыпін. Гэта шыпучыя таблеткі, якія ў правільных прапорцыях уключаюць у сябе неабходныя кампанэнты з парацэтамолу і аскарбінкі.

Калі вы апынецеся ў суседняй Расеі ці ва Ўкраіне, ня кажучы пра краіны ЭЗ, то ня лішнім будзе набыць прэпарат нямецкага вытворцы “Грыпастат” у капсулях. Гэты даволі танны прэпарат зарэкамэндаваў сябе сваёй хуткай дзейнасьцю, антыалергічнасьцю і адноснай няшкоднасьцю. Прымаць прэпараты трэба тады, калі вы яшчэ не захварэлі, але бачыце, што апынуліся побач з хворымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG