Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьнікаюць з продажу расейскія харчы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці з паліцаў крамаў і прадпрымальніцкіх шапікаў пачалі зьнікаць тавары расейскай вытворчасьці. Зьвязана гэта з новымі правіламі ўплаты падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня.

У Магілёве першымі пачалі зьнікаць расейскія харчы, у якіх малы тэрмін захоўваньня. Гэта перш за ўсё малочная прадукцыя, ёгурты. Таксама зьнікаюць танныя маянэз і кава. Гандляры тлумачаць пакупнікам, што расейцы ня хочуць пастаўляць беларусам тавар да тых часоў, пакуль новая сыстэма ўплаты падатку на даданую вартасьць ня будзе адпрацаваная да аўтаматызму.

Кіраўніцтва магілёўскага гандлю камэнтуе, што сытуацыя трывогі не выклікае: асартымэнт у харчовых крамах можна вытрымаць і без расейскіх тавараў, хапае беларускіх. Хаця спэцыялісты прызнаюць, што потым могуць узьнікнуць праблемы з рыбай, алеем, кавай і гарбатай расейскай вытворчасьці. Аднак на гэты час ратуюць запасы, якія былі зробленыя яшчэ да навагодніх сьвятаў.

Падатковая інспэкцыя праводзіць сэмінары для прадпрымальнікаў і тлумачыць, якія дакумэнты трэба выправіць ім і расейцам, каб заплаціць падатак і ня страціць грошай. Аднак магілёўскія прыватнікі гавораць, што на расейскіх рынках, дзе яны закупаюць тавар дробнымі партыямі, ня хочуць і чуць пра прадугледжанае новым мэханізмам зьніжэньне коштаў на 18%.

(Спадарыня: ) “Гэта нашы праблемы, што Беларусь павінна плаціць 18%, а ня іх праблемы. Натуральна, што мы ня можам падняць кошты на 18%, таму што спажывецкая здольнасьць ніякая”.

(Спадар: ) “Як цяпер можна падняць цэны, калі народ і так ня хоча асабліва браць нічога”.

(Спадар: ) “У людзей няма грошай. Яны б і гатовыя былі набыць, але ім няма за што”.

Прадпрымальнікі прадбачаць, што ім давядзецца плаціць падатак на даданую вартасьць з уласнага прыбытку. Таму нездарма многія прыватныя гандляры гавораць пры магчымае спыненьне дзейнасьці.

(Спадар: ) “Мала таго, што адзіны падатак, адпаведна і месца на рынку, дык яшчэ і 18% ПДВ. Гэта ўвогуле атрымліваецца “абдзіралаўка” з усіх бакоў”.

(Спадарыня: ) “Таму што мы зарабляем 20% з валу, а калі нам давядзецца 18% заплаціць, тады нават і 2% у нас не застаецца на падаткі. А тое, каб сям’ю карміць — гэта дакладна не атрымаецца”.

Магілёўскія прадпрымальнікі цяпер заяўляюць, што яны гатовыя выйсьці на страйк і патрабаваць адмены падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня. Страйк у Магілёве папярэдне прызначаны на 1 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG