Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Савеце Эўропы сустракалі прэзыдэнта Юшчанку – аплядысмэнтамі і стоячы. Што, спадары адзіная Расея, не па-вашаму атрымалася?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 31 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Саскевіч Мікола: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Літаральна сёньня пачуў, што ў суботу на Радыё Свабода будзе выступаць лідэр рок-групы “Nazareth”. Перадайце, калі ласка, гурту “Nazareth” ад мяне прывітаньне. І хачу пажадаць ім здароўя, шчасьця і посьпехаў! Я і мае сябры зь дзяцінства пачыналі слухаць заходнюю музыку, зь сярэдзіны 1970-х гадоў, калі камуністы ўсё забаранялі. І ведаеце, маім сябрам падабаліся розныя заходнія гурты, але гурт “Nazareth” падабаўся ўсім. Вялікае вам дзякуй за вашую музыку! Я да цяперашняга часу слухаю “Nazareth”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы! Ня ведаю адрэсы і тэлефона расейскай Радыё Свабода. Прачытаў у газэце, як у Савеце Эўропы сустракалі прэзыдэнта Юшчанку – аплядысмэнтамі і стоячы. Што, спадары адзіная Расея, не падавіліся са злосьці, што не па-вашаму атрымалася? Наляцелі на Ўкраіну перад выбарамі, як тая эгіпэцкая саранча. Што вы ўсё лезеце ў чужы агарод? Вы разьбярыцеся ў сваім агародзе! Ад Уладзівастоку да Калініграду куды ня кінь – усюды клін. На Гідролізным заводзе людзі галадаюць, год не атрымоўваюць заробку, а вы ў Думе вырашаеце пытаньне, дзе піць піва. Няўжо няма больш важкіх пытаньняў? Цырк на дроце – ды і толькі! Ня лезьце гарадзіць чужы агарод! Народ любой рэспублікі разьбярэцца бяз вашай дапамогі!”

(Спадарыня: ) “Я хачу прапанаваць вам распачаць новую рубрыку. Назваць яе можна, да прыкладу, “Сьведчаньне відавочца” ці яшчэ як. У гэтай рубрыцы прапаноўваць слухачам успаміны тых, хто памятае ваенныя гады. І неабавязкова франтавікоў, а ўсіх, хто перажыў і выстаяў у той вайне. Бо ў сем’ях яшчэ зьберагаюцца расповеды бацькоў і дзядоў пра падзеі тых гадоў. Яны не заўсёды супадаюць з афіцыйнай прапагандысцкай ідэалягічнай трактоўкай падзеяў. Я ўжо ня раз пераконвалася, што маладыя людзі маюць вельмі прыблізнае ўяўленьне, што перажылі іх дзядулі і бабулі.”

(Спадарыня: ) “Юшчанка стаў прэзыдэнтам. Дай Бог яму дабіцца пазытыўных вынікаў для краіны і народу! Цяпер яго хваляць з усіх бакоў. Як бы не пашкодзілі чалавеку! Узгадайце Ельцына.

Пасада прэзыдэнта – гэта самая цяжкая, адказная і няўдзячная, усім не дагодзіш. Кіраваць дзяржавай – гэта не лялякаць перад мікрафонам, стоячы за трыбунай. Тут патрэбныя чуткасьць, цярпеньне, веды сельскай гаспадаркі і эканомікі, шчыра трэба клапаціцца пра людзей.

У справе з Юшчанкам мяне бянтэжыць яго сувязь з Абрамовічам, які зьбіраецца прасіць грамадзянства, каб быць бліжэй да Расеі, а ў Расею ён баіцца ехаць па зразумелым прычынам. Таксама зьдзіўляе Юлія Цімашэнка, яго правая рука, якая знаходзілася ў пошуку расейскай пракуратуры. Праўда, пасьля наведваньня Масквы Юшчанка і Пуцін пагутарылі і цяпер кажуць, што няма ў Цімашэнкі злачынстваў. Ці можна верыць такім прэзыдэнтам пасьля такіх дзеяньняў? Яны самі сябе падстаўляюць пад дошку, самі сябе ганьбяць. У Пуціна ніколі не было цьвёрдай лініі, яго ўвесь час гайдала ў бакі. То ён быў супраць дзеяньняў у Іраку, а потым падтрымаў Буша. А калі ён адключаў газ у Беларусі і Эўропы, ён паводзіў сябе як хлапчук”.

(Сталы слухач: )

“Людзі, сьхіліце галовы – Сёньня жалобная дата, Хай яна памяць адновіць, Яе вы захоўвайце сьвята!

Памяць аб тых, хто загінуў У сьценах Асьвенціма страшных І тых, хто жывы іх пакінуў, Трэба захоўваць, сучасьнік!

Хоць 60 год мінула, Ды не залечыць час раны. Трэба, каб вагу адчулі Страшнай вайны ветэраны!

Вязьні ўсе, хто жывыя, Клопат няхай адчуваюць Пра дні ў Асьвеньціме тыя, Хай нам цяпер нагадаюць!”

(Спадар: ) “Паважаная радыёстанцыя! Прашу, каб вы зьвярнуліся да Багданкевіча, былога нашага банкіра, каб ён адказаў на пытаньне. Рыхтуецца пераход на расейскі рубель. Што чакае нас простых пэнсіянэраў? Як будзе складацца пэнсія, заробкі, што будзе з нашымі ўкладамі? У тым сэнсу, згубім мы ці нешта захаваем?”

(Спадар:) “Добры дзень, Свабода! Паслухаў спадара прэзыдэнта, як ён хлусіць, што трэба менш есьці, а больш займацца спортам, мне прыгадаўся такі вось сюжэт. Сабраліся два Іваны, Іван-дурань, у якого ўсё ёсьць, і абрус-самабранка, і дыван-самалёт, і бабы вакол яго гойкаюць, як мухі вакол гноя. А другі Іван – гэта Іван з мазалём, які толькі і робіць, што горб зарабляе сабе. Вось і той дурань вучыць таго Івана, як жыць трэба”.

(Спадар: ) “Паважаны дырэктар Беларускай Радыё Свабода! Вы як і я, як і большасьць беларусаў, украінцаў, ведаем, што мова – гэта Божы дар для кожнага народу і вялікі грэх з гэтай мовы зьдзеквацца. Я ўвесь час слухаю, чакаю, і ня толькі я, што нешта зьменіцца ў моўным пляне на Радыё Свабода. Вы ж паглядзіце ні ўкраінская, ні расейская Радыё Свабода не ўводзяць двухмоўе, яны гэтага жудаснага экспэрымэнту ня робяць. Чаму гэтае зьмяінае двухмоўе існуе ў моўнай палітыцы вашай радыёстанцыі? Гэта прыкра, сумна, брыдка! І мы вельмі спадзяемся на тое, што вы нешта зробіце, што ня будзе трасянкі ў дыктараў, што карэспандэнты будуць ахайна адносіцца і беражліва адносіцца да мовы Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і іншых нашых пісьменьнікаў і наогул – мовы народу! Зрабіце гэта, калі ласка!”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры шаноўнае панства! Я хачу павіншаваць ірацкі народ зь першымі дэмакратычнымі выбарамі, якія нягледзячы ні нашто адбыліся. Увесь сьвет убачыў, што ірацкі народ хоча жыць свабодна ў дэмакратычным грамадзтве, гэта значыць, па-людзку. Яшчэ раз віншую вас!

У суботу праслухаў вашую перадачу, якія гістарычныя сымбалі ёсьць у нашай дзяржаве Беларусь і як будзе прахадзіць інаўгурацыя нашага сапраўднага прэзыдэнта Беларусі. Мне вельмі падабалася: усё зразумела, дакладна расказалі пра гэта палітык Вінцук Вячорка і пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Вось менавіта з гэтага павінна пачацца нашае дзяржаўнае жыцьцё на Беларусі, нашай Бацькаўшчыне. Народ павінен ганарыцца сваёй краінай і ведаць сваю гісторыю. Вялікі дзякуй усім вам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG