Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі гэта палітычны турызм, якім займаецца Ўта Цапф, я б ня раіў гэтым займацца”


Уладзімер Глод, Менск 3 лютага завяршаецца візыт у Менск адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якую ачольвае дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф. А палове дзевятай раніцы міжнародныя парлямэнтары сустрэнуцца з роднымі зьніклых вядомых людзей, а а дзесятай гадзіне дэлегацыя правядзе прэсавую канфэрэнцыю. Паколькі асноўныя мерапрыемствы ў рамках візыту прайшлі ў папярэднія два дні, то, фактычна, ужо цяпер можна гаварыць пра яго першыя вынікі.

Гэта ўжо сёмы візыт у Беларусь групы, якую ачольвае спадарыня Цапф. А да гэтага ў Менск прыяжджала тая ж самая адмысловая група менавіта ў беларускіх справах на чале якой быў Адрыян Севярын. Я добра памятаю, які надзвычайны інтарэс быў да першых наведваньняў міжнароднымі парлямэнтарамі Беларусі. Тады ўсе спадзяваліся, што зь іх дапамогай у краіне адбудуцца сур’ёзныя зьмены, што міжнародныя дэлегацыі дадуць пэўны штуршок для дэмакратызацыі Беларусі.

Але зьмяніліся склады дэлегацыяў, а ўзровень дэмакратызацыі ў Беларусі толькі паніжаўся. Таму нельга не бачыць пэўнага пэсымізму, тым больш, што многія міжнародныя чыноўнкі шчыра прызнаюцца – яны ня ведаюць, што можна зрабіць з Беларусьсю, як можна паўплываць на Аляксандра Лукашэнку.

Вось толькі адзін прыклад – новы дзейны старшыня АБСЭ Дзімітры Рупэль у студзені сказаў так: “У Эўропе ёсьць некалькі краінаў, дзе дэмакратыі патрэбна асаблівая падтрымка, адна зь іх – Беларусь”. Але тут жа Рупэль дадаў: “Мне падаецца, што ў гэтай сытуацыі Эўразьвяз можа зрабіць больш, чым АБСЭ, хаця б таму, што ў склад Эўразьвязу ўваходзіць менш краінаў, і ім лягчэй дасягнуць згоды”.

А калі вярнуцца да групы Уты Цапф, дык яна працавала ў стандартным ключы: сустрэчы з афіцыйнымі структурамі, апазыцыйнымі, няўрадавымі арганізацыямі... Адзінае, чым адрозьніваецца гэты візыт ад папярэдняга, які адбыўся летась у чэрвені – папярэдняй дамовай пра два сэмінары пад эгідай АБСЭ ў Менску, якія магчыма адбудуцца сёлета.

Як ацэньваюць візыт адмысловай рабочай групы беларускія палітыкі? Некаторыя лічаць яго беспасьпяховым, нават шкодным, паколькі талерантная пазыцыя АБСЭ нічога не дае, а толькі, так бы мовіць, расслабляе беларускую апазыцыю. Іншыя, наадварот, лічаць, што адмовіцца ад такіх паездак замежнікаў у Беларусь ні ў якім выпадку нельга, бо Эўропа павінна ведаць інфармацыю пра Беларусь непасрэдна ад сваіх прадстаўнікоў.

Хто мае больш рацыі, хто менш? Вось дзьве думкі: адна належыць першаму намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Ўладзімеру Нісьцюку, другая – намесьніку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргею Альфэру.

(Нісьцюк: ) “Каб не было ніякіх скандалаў, каб усё было зноў так мякка, добра, сэмінары... Зноў будуць спрабаваць пасадзіць разам за адзін стол на сэмінары палітычную ўладу і прадстаўнікоў апазыцыі. Калі гэта размова для таго толькі, каб зноў сюды прыехаць, пабыць тут, паўзрушацца, як тут цяжка на Беларусі палітычнай апазыцыі, і зьехаць, то лепш ня езьдзіць. Бо кожны візыт сюды нейкай дэлегацыі, нейкай міжнароднай арганізацыі нейкія надзеі закладвае. Людзі спадзяюцца – можа, гэтыя нешта прапануюць, на нечым настаяць, нейкае рашэньне прымуць. А калі гэта проста палітычны турызм, якім займаецца спадарыня Цапф, дык я б ня раіў гэтым займацца”.

(Альфэр: ) “Я думаю, што для Уты Цапф гэта ўсё ж не палітычны турызм, а дастаткова цяжкая праца. Гэтыя паездкі вельмі карысныя для Беларусі, таму што празь іх міжнародная супольнасьць атрымоўвае інфармацыю пра тое, што робіцца тут, у Беларусі, ня толькі ад нас, але і ад сваіх давераных асобаў, якіх яны сюды адпраўляюць. І яны словам гэтых асобаў давяраюць куды больш, чым словам палітычнай апазыцыі ці ўладаў. Чым больш будзе такіх паездак, тым лепш міжнародная супольнасьць будзе інфармавана аб тым, што ў нас робіцца, і тым больш аб’ектыўныя высновы яна можа зрабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG