Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лябедзька: "Было б някепска, каб Ута Цапф напісала колькі цёплых словаў Марынічу"


Уладзімер Глод, Менск Ута Цапф спадзяецца, што ўвесну ў Беларусі пройдуць сэмінары пад эгідай АБСЭ. Пра гэта кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і дэпутатка Бундэстагу казала пры канцы першага дня знаходжаньня групы ў Менску.

Адпаведная дамова пра сумеснае абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі міжнароднымі парлямэнтарамі, экспэртамі, сябрамі Нацыянальнага сходу Беларусі ды іншымі зацікаўленымі асобамі пад эгідай АБСЭ была дасягнутая на апошняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі ў Эдынбургу. З таго часу прайшло ўжо сем месяцаў, але пэрспэктываў сустрэчы пакуль што не відаць. І гэта непакоіць Уту Цапф, якая бачыць арганізацыю сэмінараў найбольш важнай задачай цяперашняга візыту:

(Цапф: ) "Паводле сваёй структуры, гэты візыт не адрозьніваецца ад папярэдніх: мы сустракаемся з тымі ж людзьмі з грамадзянскай супольнасьці, апазыцыйных партыяў, адміністрацыі, сябрамі Нацыянальнага сходу й г.д. Розьніца, мабыць, у тым, што мы дасягнулі некалькіх пагадненьняў аб правядзеньні сумесных сэмінараў. Гэта тая праца, якой мы не маглі пачаць да гэтага часу".

1 лютага сябры групы Уты Цапф, а гэта, акрамя яе, яшчэ брытанскі лорд Фрэд Понсанбі і парлямэнтар з Вугоршчыны Гарбар Гарс, мелі размову зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў.

2 лютага рабочая група будзе сустракацца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, а таксама з шэрагам беларускіх палітыкаў. Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які атрымаў запрашэньне на гэтую размову, лічыць, што, з аднаго боку, дзейнасьць групы Уты Цапф ня трэба перабольшваць, але, з другога, было б кепска, калі б яна зусім забылася пра Беларусь: (Лябедзька: ) "Для мяне прынцыповым і галоўным зьяўляецца тое, што Беларусь знаходзіцца ў міжнародным парадку дня. Самае дрэннае для краіны было б, калі б пра Беларусь не гаварылі, калі б у Беларусь не прыяжджалі дэлегацыі міжнародных арганізацыяў. Гэта б азначала, што ў нас, у краіны і ў народу, няма пэрспэктывы -- эўрапейскай, дэмакратычнай. Пакуль пра нас дбаюць, пра нас гавораць, -- гэта шанец для ўсіх нас. Гэта калі гаварыць стратэгічна. А ўжо да ўзьдзеяньня, калі прыяжджаюць дэлегацыі, прымаюцца рэзалюцыі, гэта іншы аспэкт -- палітычны. Але ён таксама неабходны. Я думаю, што было б няблага скарыстацца мажлівасьцю, каб тая ж Цапф ды іншыя сябры адмысловай рабочай групы ўзялі аловак ды напісалі некалькі цёплых словаў Марынічу. Клопат, праява зацікаўленасьці ягонай судовай справай з боку Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ -- гэта важна, гэта карысна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG