Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія суткі ў Менску ад марозу пацярпелі каля 20 чалавек


Любоў Лунёва, Менск Мэдыкі прагназуюць, што ў выходныя дні колькасьць пацярпелых павялічыцца. Статыстыка сьведчыць, што абмаражэньні часьцей за ўсё ёсьць наступствам злоўжываньня алькаголем.

У шпіталь хуткай дапамогі трапілі некалькі чалавек у стане моцнага пераахалоджваньня, зь іх пяць чалавек атрымалі абмаражэньні розных ступеняў. Мэдыкі шпіталя паведамілі Радыё Свабода, што людзі адвыклі ад моцных маразоў і 15-градусны мароз у сярэдзіне зімы засьпеў іх зьнянацку.

Пераахалоджваньне звычайна здараецца з тымі, хто быў нападпітку і не адчуваў холаду. Каля дзясятку такіх чалавек "хуткая дапамога" забрала з вуліц, бо яны ляжалі ў непрытомнасьці.

Мэдыкі папярэджваюць, што людзі ад пераахалоджваньня могуць загінуць. Яшчэ некалькім мужчынам давялося рабіць адмысловыя перавязкі, бо яны абмарозілі вушы, ногі і рукі. Вось што сказала дзяжурная апёкавага цэнтру, дзе лечаць такіх людзей.

(Лекар: ) “Асноўны кантынгент, самі ведаеце які – прачнуцца раніцай, нешта баліць, трэба кудысьці зьвярнуцца. У асноўным гэта мужчыны, але бывае, што й жанчыны, якія крыху перапілі. Звычайны кантынгент – людзі, якія любяць выпіць. Не абавязкова асацыяльныя грамадзяне. Бывае, што напрыканцы дня, альбо пасьля працы выпіў, а потым ідзе й холаду не адчувае. А бывае, што забыўся пальчаткі або шапку... Альбо паваліўся ў сьнег, ды яшчэ й крыху паляжаў. Вось ён і наш кліент. Мы чакаем наплыву такіх хворых у выходныя дні. Бо звычайна сярод працоўнага тыдня чалавек ня будзе ладзіць сабе сьвята”.

Сыноптыкі папярэджваюць, што ў найбліжэйшыя суткі тэмпэратура зьнізіцца да 16 градусаў марозу, а ўдзень – да мінус 10. Мэдыкі раяць апранацца ў цёплыя рэчы і абавязкова выклікаць "хуткую дапамогу" да чалавека, які ляжыць на вуліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG