Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы абвяргае расейскія й беларускія агенцтвы


Юры Сьвірко, Менск Напярэдадні Радыё Свабода паведаміла са спасылкай на дзяржаўныя агенцтвы Расеі й Беларусі, што генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс не выключае памылковасьці рашэньня 1997 году прыпыніць для Беларусі статус адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы. Агенцтвы РІА "Новости" й БелТА падалі такія цытаты з прамовы спадара Дэвіса:

“Можа быць, было памылкай замарозіць гэты статус Беларусі ў Радзе Эўропы. Можа быць, было памылкай адмовіцца ад дыялёгу з гэтай краінай”. Прэсавая служба Рады Эўропы заяўляе, што такіх заяваў Тэры Дэвіс увогуле не рабіў.

Паводле прэсавай службы Рады Эўропы, генэральны сакратар гэтай арганізацыі Тэры Дэвіс не казаў таго, што яму прыпісалі ўрадавыя агенцтвы Беларусі ды Расеі. У пятніцу прэсавая служба Рады Эўропы зьняпраўдзіла гэтыя паведамленьні й падала запіс прамовы спадара Дэвіса з трыбуны ПАРЭ ў Страсбуры.

У прыватнасьці, ён, адказваючы на пытаньне літоўскага дэпутата Ёнаса Чакуоліса пра мажлівасьці падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, патлумачыў, чаму гэтая краіна ўваходзіць у АБСЭ, але адзіная на кантынэнце не належыць да Рады Эўропы:

(Дэвіс: ) “Адзіны крытэр для сяброўства ў АБСЭ — гэта геаграфія. А мы маем стандарты. Я мушу сказаць вам тое, што ўжо казаў маім сябрам у Беларусі, — тое, што я вельмі расчараваны тым, што дыялёг, распачаты Парлямэнцкай асамблеяй зь людзьмі ў Беларусі, ня даў большага плёну. Насамрэч, калі казаць пэсымістычна, ён не прынёс ніякага плёну. І я думаю, што мы павінны думаць пра гэта вельмі ўзважана. І вы, і я заўсёды мелі такі погляд, што зьмяшчаць Беларусь у лядоўню — гэта памылка, — што мы ня можам атрымаць зьменаў у Беларусі, калі мы не размаўляем зь людзьмі. Але я думаю, што тыя людзі, якія ў Беларусі знаходзяцца ва ўладзе, мусяць зрабіць больш, чым яны зрабілі, прызнаць нашу добрую волю ды адказаць на яе некаторай вельмі простай рэформай, у прыватнасьці, што да свабоды мэдыяў, якой я надаю вялікае значэньне”.

У прэсавай службе Рады Эўропы мне заявілі, што не разумеюць паходжаньня цытатаў, пададзеных расейскім і беларускім агенцтвамі, і дадалі, што такі недакладны пераклад можа мець толькі палітычныя прычыны.

Сябра ПАРЭ Ёнас Чакуоліс, які й задаваў пытаньне Тэры Дэвісу пра Беларусь, таксама ня чуў ніякіх словаў пра памылковасьць рашэньня прыпыніць статус адмысловага госьця для Беларусі. Вось што ён сказаў мне наконт прамовы спадара Дэвіса:

(Чакуоліс: ) “Ён так не казаў. Рада Эўропы мае свае стандарты і каштоўнасьці, краіны павінны адпавядаць гэтым стандартам. Вось калі гэта адбудзецца, тады Беларусь зможа стаць сябрам нашай арганізацыі. Але пра статус ён нічога не казаў”.

А якую думку пра гэта мае сам Ёнас Чакуоліс — дэпутат літоўскага Сойму, які да гэтага тыдня ачольваў падкамітэт ПАРЭ ў пытаньнях Беларусі, — ці можа быць адноўлены статус адмысловага госьця?

(Чакуоліс: ) “На сёньня — не. Ключ да рашэньня, як заўсёды гаворыцца, ляжыць у Менску. І ад таго, як будуць разьвівацца дэмакратычныя працэсы ў гэтай краіне, і будзе ўсё залежаць. Але сёньня, падобна, рух ідзе ў адваротны бок. Гэта ўсім цудоўна вядомыя справы. Думаю, што пытаньне тут заўчаснае”.

Гэтую думку падзяляе і новы старшыня падкамітэту ПАРЭ ў пытаньнях Беларусі, дэпутат эстонскага парлямэнту Андрэс Хэркель, які ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў:

(Хэркель: ) “Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы — як у геаграфічным сэнсе, гэтак і ў духоўным або мэнтальным сэнсе. Беларусь ня можа быць цалкам аддзеленая ад астатняй Эўропы. Мы цяпер бачым станоўчае разьвіцьцё падзеяў ва Ўкраіне, у суседніх з вашай краінах — Латвіі, Літве і Польшчы, якія ўжо сталі сябрамі Эўрапейскага Зьвязу. Нягледзячы на ўсе моцныя спробы пазбавіць беларускае грамадзтва дэмакратычных каштоўнасьцяў, гэта ня можа быць вашай будучыняй. Некалі сытуацыя зьменіцца. І першым крокам павінна быць разьвіцьцё дэмакратычнай сыстэмы на плюралістычным парлямэнцкім узроўні. Я ня ведаю, калі гэта адбудзецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG