Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“The Wall Street Journal”: Джордж Буш пераглядае стасункі з Расеяй


Ганна Соусь, Менск Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта пачала аналіз стасункаў з Расеяй пасьля наступаў Крамля на дэмакратыю і бізнэс. Але высокапастаўленыя дарадцы Джорджа Буша кажуць, што заўважная зьмены палітыкі малаверагодная, нягледзячы на засьцярогі, што павялічэньне аўтарытарызму перашкаджае палітычным рэформам і разьвіцьцю свабоднага рынку ў Расеі. Пра гэта піша сёньня “The Wall Street Journal”.

Адміністрацыя Джорджа Буша ўсё больш скептычна ставіцца да стасункаў з Расеяй. Гэта тычыцца і віцэ-прэзыдэнта Дзіка Чэйні і ягоных дарадцаў, а таксама супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту ЗША і Пэнтагону.

Да таго ж сам Джордж Буш ў прыватным парадку гаварыў сваім дарадцам, што дзеяньні Пуціна ўскладняюць дыялёг, піша “The Wall Street Journal”. І ўдакладняе, што маецца на ўвазе – гэта абмежаваньне свабоды слова ў Расеі, ціск на апазыцыйныя партыі, утаймаваньне рэгіянальных губэрнатараў і расправа з такім магнатам, як былы генэральны дырэктар нафтавага гіганту “ЮКОС” Міхаіл Хадаркоўскі.

“The Wall Street Journal” піша, што ўплывовыя рэспубліканцы на Капіталійскай гары ў апошні час даволі актыўна выступаюць супраць Уладзімера Пуціна.

Выданьне прыводзіць словы сэнатара Джона Макэйна, які нядаўна сказаў, што “Пуцін праводзіць аўтарытарны курс дома і экспартуе аўтакратыю за мяжу, але, назіраючы гэтае самавольства, і Эўропа, і ЗША застаюцца падатлівымі з тым, каб весьці сябе з Пуціным на роўных”.

Выданьне адзначае, што толькі ўчора Ўладзімер Пуцін пагадзіўся сьпісаць доўг ў памеры 9,8 мільярдаў даляраў Сырыі, якую ЗША лічыць варожай дзяржавай, і якая, паводле некаторых меркаваньняў, дапамагае ірацкім мяцежнікам. На сустрэчы з Пуціным ў Маскве прэзыдэнт Сырыі Башар Асад заклікаў Расею адыгрываць больш заўважную ролю на Блізкім Усходзе насуперак амэрыканскаму ўплыву.

Групу, якая займаецца аналізам стасункаў ЗША з Расеяй, ўзначальвае памочнік прэзыдэнта Буша Том Грэкхэм, які адказвае за расейскі кірунак ў Радзе нацыянальнай бясьпекі. У аналітычную групу ўваходзяць прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША і міністэрства энэргетыкі. Аналітычная праца пачалася пры канцы мінулага году і як мяркуецца, будзе завершаная да сустрэчы прэзыдэнтаў Буша і Пуціна ў Славакіі напрыканцы лютага. Аднак “радыкальнай пераацэнкі ня будзе”, гэтак заявіў адзін з дарадцаў Джорджа Буша па Расеі.

Але, як адзначае амэрыканскае выданьне, і без сур’ёзных пераменаў дачыненьні Буша з Пуціным лічыцца нетрывалымі, і ёсьць сфэры, якія выклікаюць заклапочанасьць. Апроч абмежаваньня дэмакратыі ў краіне, у Пуціна назіраюцца сутыкненьні з амэрыканскай адміністрацыяй і ў замежнапалітычных пытаньнях. Гэта тычыцца вайны ў Іраку і нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША лічаць, што, чым больш агрэсіўна Расея будзе імкнуцца ўплываць на былыя савецкія рэспублікі, тым больш гэтыя краіны будуць шукаць абароны ў такіх альянсаў як НАТО і Эўразьвяз, ўсё далей адыходзячы ад Масквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG