Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася пятнаццаць гадоў Закону “Аб мовах”


Севярын Квяткоўскі, Менск 26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет XI скліканьня ўзаконіў беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай мовы БССР, расейская і беларуская ўраўняліся ў статусе. Беларусь сталася апошняй з савецкіх рэспублік, якая прыняла падобны закон. Як зьмянялася стаўленьне дзяржавы і грамадзкасьці да беларускай мовы за мінулы час?

26 студзеня Таварыства беларускай мовы рэпрэзэнтавала агляд моўнай сытуацыі ў Беларусі. На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, становішча беларускай мовы значна палепшылася адносна 1990 году:

(Трусаў: ) “Я добра памятаю тыя гады. Калі па-беларуску пачынаў гаварыць, паварочваліся, лаяліся, казалі, што нацыяналіст паехаў. Ну а цяпер колькі людзей у апытаньнях “Свабоды” стараюцца адказваць па-беларуску!”

Алег Трусаў не ідэалізуе сытуацыю.

З аднаго боку, у гарадах людзі пазбыліся комплексу вясковасьці беларускай мовы, зь іншага боку, дзяржаўная палітыка адносна вясковай адукацыі радыкальна зьмянілася:

(Трусаў: ) “Масава зьнішчаюць вясковыя школы: альбо іх закрываюць як малакамплектныя — сотні школаў кожны год закрываюць, альбо ў вялікіх мястэчках пераводзяць на расейскую мову”.

15 сакавіка 1994 году была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой адзінай дзяржаўнай мовай сталася беларуская.

Паводле закону, да 2004 году ўсе дзяржаўныя інстытуцыі мусілі перайсьці ў справаводзтве на беларускую. Сытуацыя зьмянілася пасьля рэфэрэндуму 1995 году, які ў якасьці другой дзяржаўнай зацьвердзіў расейскую мову. У 1998 годзе былі ўнесеныя папраўкі ў Закон “Аб мовах”, які дазволіў чыноўнікам адказваць беларускамоўным грамадзянам па-расейску.

Алег Трусаў перакананы, што грамадзтва гатовае да беларусізацыі, і справа толькі за дзяржаўнымі захадамі. Выйсьце з сытуацыі Алег Трусаў бачыць у грамадзкай ініцыятыве. У лістах ад прыватных асобаў да сваіх дэпутатаў, да мясцовых і агульнадзяржаўных уладаў, ды ў адукацыйныя ўстановы. Менавіта збор тысяч подпісаў папярэднічаў прыняцьцю Закону “Аб мовах” у 1990 годзе. Тады была створаная ініцыятыва, у якую ўвайшлі дэпутат Вярхоўнага Савету народны паэт Ніл Гілевіч, прадстаўнік камуністычнай партыі Пятро Краўчанка, навуковец Пятро Садоўскі ды шмат іншых вядомых сёньня асобаў.

26 студзеня ў памяшканьні менскага Дому літаратараў аб’яднаньне “Спадчына” ладзіць вечарыну прысьвечаную 15-годзьдзю Закону “Аб мовах”.

(Белы: ) “Будуць выступаць прафэсар Лыч, Аляксандра Лісоўская, дае канцэрт Валеры Мазынскі са сваімі выхаванцамі”, — патлумачыў кіраўнік “Спадчыны” Анатоль Белы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG