Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі палітык абвінавачвае чыноўнікаў у бязьдзеяньні ды абмежаваньні сваіх грамадзянскіх правоў


Казімер Яноўскі, Гомель У судзе Чыгуначнага раёну Гомелю разглядалася скарга вядомага гомельскага палітыка Віктара Карняенкі. Ён абвінавачвае службоўцаў дзяржаўных органаў у бязьдзеяньні, што прывяло да абмежаваньня ягоных грамадзянскіх правоў.

Зь мінулай восені Віктар Карняенка ня можа атрымаць дазвол на часовы выезд за мяжу. Пашпартна-візавая служба Чыгуначнага раёну спасылаецца на паведамленьне падатковай інспэкцыі Савецкага раёну Гомелю пра тое, што закрытая ўладамі грамадзкая арганізацыя “Грамадзянскія ініцыятывы”, якой кіраваў спадар Карняенка, не сплаціла амаль 7-мільённы штраф.

Віктар Карняенка, у сваю чаргу, перакананы, што гэта звычайнае самавольства падатковых чыноўнікаў. Асабіста ён сплаціў штраф. “Грамадзянскія ініцыятывы” як арганізацыя ня могуць гэта зрабіць, паколькі закрыты праз суд высілкамі КГБ і той жа падатковай інспэкцыі. Апрача таго, паводле беларускага заканадаўства, фізычная асоба не нясе адказнасьці за арганізацыю. Ня сплачаны штраф арганізацыяй ні ў якім разе ня можа быць падставай дзеля абмежаваньня выезду чалавека ў іншыя краіны.

Судзьдзя Сяргей Мальцаў імкнуўся ў дасудовым парадку ўлагодзіць канфлікт. Аднак прадстаўнік падатковай інспэкцыі, юрыст Дзьмітры Савіцкі заявіў, што асабіста ён ня мае такіх паўнамоцтваў:

(Карняенка: ) “У ходзе размовы судзьдзя ўвесь час зьвяртаўся да прадстаўніка падатковай інспэкцыі з такім настойлівым зваротам выправіць памылку. Яна відавочна ўсім. Але гонар мундзіра перашкаджае. Трэба ведаць кіраўнікоў падатковай інспэкцыі Савецкага раёну! Хутчэй за ўсё гэта тое самае самадурства, якое бытуе ў нашай краіне. І гэтаму не дапамогуць ніякія кнігі скаргаў. Мяняць трэба сыстэму”, — сказаў нашаму радыё спадар Карняенка.

Судзьдзя Мальцаў адклаў разгляд справы, каб даць час падатковай інспэкцыі Савецкага раёну добраахвотна адклікаць сваё ранейшае паведамленьне альбо даслаць у пашпартна-візавую службу новы ліст наконт адсутнасьці прэтэнзіяў да Віктара Карняенкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG