Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік місіі АБСЭ сустрэўся ў Гомелі зь мясцовымі ўладамі за зачыненымі дзьвярыма


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў другой палове дня ў Гомель прыехаў кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Эбэрхард Хайкен. Ён наведаў цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека і ён меў сустрэчу ў аблвыканкаме з кіраўнікамі вобласьці.

Сустрэча Эберхарда Хайкена з кіраўнікамі рэгіёну праходзіла ў аблвыканаме за зачыненымі дзьвярыма. Прэсавы сакратар выканкаму Яўген Пабалавец патлумачыў журналістам, што такое пажаданьне выказаў кіраўнік місіі АБСЭ. Таму пасьля сустрэчы я пацікавіўся ў спадара Хайкена, чым выклікана такая канфідэнцыйнасьць:

(Хайкен: ) “Я адкрыты да ўсяго. Я не выказваў якіх-небудзь пажаданьняў наконт фармату сустрэчы”, – патлумачыў кіраўнік місіі АБСЭ.

Паводле спадара Хайкена, старшыня аблвыканкаму Аляксандр Якабсон пазнаёміў яго з эканомікай вобласьці. Абмяркоўвалася сытуацыя, якая склалася ў рэгіёне пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Удзельнікі сустрэчы з боку аблвыканкаму распавялі, што на адрас кіраўніка місіі АБСЭ было выказана пажаданьне паспрыяць падтрымцы эканамічных праектаў у межах эўрарэгіёну “Днепр”, створанага высілкамі памежных абласьцей Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Спадар Хайкен паінфармаваў гамельчукоў, што АБСЭ ў першую чаргу будзе падтрымліваць экалягічны маніторынг навакольнага асяродку, праекты разьвіцьця мясцовага самакіраваньня і стварэньня грамадзянскай супольнасьці.

Паколькі публічна заяўлялася ўжо, што высілкі офісу АБСЭ ў Менску не прынесьлі летась адчувальных вынікаў у справе падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, я спытаўся ў спадара Хайкена, якія крокі будзе ажыцьцяўляць місія ў гэтым кірунку?

(Хайкен: ) “Што датычыць пытаньня грамадзянскай супольнасьці, я хачу сказаць наступнае. Заўтра ў мяне адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Я спадзяюся, што пасьля яе змагу больш грунтоўна адказаць на гэтае пытаньне”, – сказаў Эбэрхард Хайкен.

У афіцыйнай праграме заўтрашняя сустрэча кіраўніка місіі АБСЭ з гомельскімі няўрадавымі арганізацыямі не значыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG