Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты СНД рыхтуюць супольную праграму супрацьдзеяньня незаконнай міграцыі


Уладзімер Глод, Менск 25 студзеня ў Менску экспэрты краінаў СНД пачынаюць абмяркоўваць праграму барацьбы зь незаконнай міграцыяй. Гэты дакумэнт разьлічаны на тры гады: ад 2006 па 2008 уключна. Мяркуецца, што экспэрты падрыхтуюць агульную ўзгодненую праграму супрацьдзеяньня незаконнай міграцыі. У яе прапануюць уключыць некалькі разьдзелаў: паляпшэньне дзейнага памежнага і міграцыйнага кантролю, правядзеньне сумесных апэрацыяў, павышэньне кваліфікацыі супрацоўнікаў адпаведных службаў і г.д. Ці не выцякае з усяго гэтага, што праблема незаконнай міграцыі становіцца вельмі актуальнай для краінаў СНД?

Апошнім часам міграцыя ў краіны СНД набывае велізарныя памеры. Напрыклад, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін напрыканцы мінулага году казаў, што ў Расеі цяпер каля 15 мільёнаў (!) незаконных мігрантаў. Дзьве траціны зь іх асядаюць у сталіцы і Маскоўскім рэгіёне. Што тычыцца Беларусі, то, паводле інфармацыі старшыні Сталай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалая Чаргінца, цяпер у краіне ад 100 тысячаў да 300 тысячаў незаконных мігрантаў.

(Чаргінец: ) “Што тычыцца мігрантаў, то, скажу Вам шчыра, гэта вечны галаўны боль усіх спэцслужбаў. Паводле розных падлікаў, у нас у краіне ад 100 тысячаў да 300 тысячаў нелегальных мігрантаў. Праблема ў тым, што ў Расею прыяжджаюць грамадзяне былых савецкіх рэспублік, Аўганістану, Пакістану, Нэпалу ды іншых краінаў. Яны карыстаюцца тым, што мяжа з Расеяй у нас адкрытая і едуць сюды: тут і жыцьцё спакайнейшае, і да Эўропы бліжэй. І многія асядаюць тут, ператвараюцца ў хлебаробаў. Шмат хворых на СНІД. І гэтая небясьпека вельмі пагрозьлівая для Беларусі”.

Што можа зрабіць Беларусь у справе замаруджваньня патоку нелегальных мігрантаў у краіну? На мой погляд, самы просты варыянт – зачыніць дзяржаўную мяжу з Расеяй, паколькі менавіта адсюль у Беларусь трапляе найбольшая колькасьць нелегальных мігрантаў.

Ва ўсім сьвеце распаўсюджана практыка падпісаньня са сваімі суседзямі пагадненьняў аб рэадмісіі – гэта значыць аб вяртаньні незаконных мігрантаў. Але пакуль Беларусь не мае падобных дамоваў зь ніводнай з пяці дзяржаваў-суседак. Афіцыйны Менск дамагаецца заключыць такія пагадненьні, як цяпер кажуць, пакетам, гэта значыць адначасова з усімі суседзямі – Расеяй, Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй. Гэта патрэбна для таго, каб Беларусь ня стала своеасаблівым “адстойнікам”.

Напрыклад, Беларусь мае дамову з Літвой. Нелегальных мігрантаў, якія прыбылі з Расеі, затрымалі на літоўска-беларускай мяжы. І Беларусь павінна іх прыняць, а накіраваць іх у Расею немагчыма, бо няма адпаведнай дамоўленасьці з Масквой. Але Расея да гэтага часу ўхіляецца ад падпісаньня дамоўленасьцяў зь Беларусьсю. І ў гэтым галоўная праблема. Вось што кажа на гэты конт Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Зачыніць мяжу з Расеяй – гэта ня справа. Мы трапляем у пастку. Бо як толькі нехта з гэтых людзей трапляе на Захад, мы выплочваем вялікія кампэнсацыі. Па-другое, мы бярэм іх на ўтрыманьне. Мы іх трымаем у сябе, пакуль не атрымаем інфармацыі, ці шукаюць іх мясцовыя органы. І толькі пасьля дэпартуем іх у краіны знаходжаньня. Гэта ў пэўнай ступені выгадна Расеі. Таму мы ставім пытаньне аб заключэньні дамоваў аб рэадмісіі, з улікам усіх краінаў – напрыклад, Польшчы, Беларусі, Расеі, альбо Латвіі, Беларусі, Украіны, Расеі... Тады нам будзе лягчэй. Тады адказнасьць будзе несьці тая краіна, якая першай паставіла незаконнага мігранта. Калі ён прыехаў законна ў Расею, а трапіў затым у Беларусь, няхай адказвае Расея. Часьцей за ўсё так і будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG