Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявяцца бакаляўры і магістры


Іна Студзінская, Менск Хутка ў Беларусі зьявяцца магістры і бакаляўры. У новым Законе аб вышэйшай школе прадугледжваецца ўвядзеньне двухузроўневай сыстэмы адукацыі. Законапраект ужо ўхвалены Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні і будзе вынесены на веснавую сэсію. Паводле распрацоўнікаў законапраекту, Беларусь таксама імкнецца далучыцца да Балёнскага працэсу. Што гэта азначае?

Бальшыня краінаў ужо даўно зразумела, што спэцыялістаў трэба рыхтаваць для працы ня толькі ў якой-небудзь адной краіне, але і ў Эўропе ў цэлым. З гэтай мэтай ў 1999 годзе ў Італіі была прынятая Балёнская дэклярацыя, у якой 33 эўрапейскія дзяржавы заявілі пра намер стварыць да 2010 году адзіную эўрапейскую сыстэму вышэйшай адукацыі.

У Беларусі таксама будзе двухузроўневая сыстэма: праз 4-5 гадоў навучаньня па вызначаным накірунку студэнт атрымлівае ступень бакаляўра, пасьля яшчэ двух гадоў спэцыялізаванай падрыхтоўкі – званьне магістра. Магістратура – гэта своеасаблівая прыступка перад асьпірантурай.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімер Здановіч тлумачыць гэта так:

(Здановіч: ) “Плянуецца, што асобы, якія будуць вучыцца ў магістратуры, будуць накіроўвацца ў першую чаргу ў якасьці кіраўнікоў, а таксама будуць займацца навуковай справай. А вось што тычыцца бакаляўрыяту, то справа для нас новая, і рынак працы пакуль яшчэ не падрыхтаваны, каб бакаляўр заняў дастойнае месца ў нашай краіне”.

Некалькі гадоў таму ўжо былі спробы перайсьці на гэтую сыстэму ў БДУ, але хутка ўсё скончылася. У 2000-м годзе была пастанова Савету Міністраў аб экспэрымэнце ў БДУ, але ўсё прыпынілася. Вось як гэта тлумачыць былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту, прафэсар Аляксандар Казулін:

(Казулін: ) “Мы нікуды не сьпяшаліся, стараліся адаптаваць сыстэму адукацыі да эўрапейскіх працэсаў, менавіта адаптаваць. Гэтая ідэя тады актыўна падтрымлівалася тагачасным міністрам адукацыі Брыгадзіным, былі рашэньні калегіі, пляны. Але ў нас бальшыня імкнецца жыць як мага прасьцей. Таму ўсё было хутка пахавана. Рашэньне, якое прымаецца зараз, правільнае. Але за гэтым павінны стаяць разумныя людзі, павінна быць распрацаваная канкрэтная, рэальная сыстэма дзеяньняў. А то дагэтуль некаторыя рэктары блытаюць, што такое бакаляўр і што такое магістар. А тое, што робіцца – гэта робіцца правільна, але зь вялікім спазьненьнем”.

Не сакрэт, што беларускія дыплёмы не заўсёды прызнаюцца за межамі нашай краіны. Ці зьменіцца сытуацыя з увядзеньнем бакаляўрыяту і магістратуры? Старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі Ўладзімер Здановіч патлумачыў, што пасьпяховы студэнт будзе адначасова атрымліваць два дыплёмы:

(Здановіч: ) “Дыплём бакаляўра, які будзе сьведчыць пра тое, што чалавек засвоіў, і вельмі добра засвоіў тэарэтычную частку навучаньня. І яшчэ адзін дыплём спэцыяліста – чалавек мае ня толькі тэарэтычную падрыхтоўку, але і гатовыя для практычных дзеяньняў. Таму, я думаю, гэта добрая навіна для студэнтаў у сьвята – яны будуць атрымліваць 2 дыплёмы. Калі чалавек зьбіраецца працаваць у нашай краіне, то ён будзе выкарыстоўваць дыплём спэцыяліста, калі захоча прадоўжыць навучаньне за межамі краіны – дыплём бакаляўра”.

Такім чынам, па задумцы распрацоўнікаў Закону, яго мэта – адаптаваць беларускую сыстэму вышэйшай школы да эўрапейскай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG