Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры абмяркуюць дачыненьні зь Беларусьсю і справы зьніклых


Юры Сьвірко, Менск Беларускія пытаньні будуць гучаць у страсбурскім Палацы Эўропы, дзе сёньня пачалася чарговая сэсія ПАРЭ, пачынаючы зь серады, калі вядомы аўтар дакладу “Зьніклыя асобы ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс мае намер публічна паставіць пытаньне пра дачыненьні з афіцыйным Менскам. Сёньня ж пра зьніклых нагадала газэта “Московский комсомолец”, дзе зьявіўся артыкул за подпісамі былых сьледчых Зьмітра Петрушкевіча ды Алега Случака, якія атрымалі палітычны прытулак у ЗША.

Новым старшынём ПАРЭ сёньня быў абраны галяндзкі хрысьціянскі дэмакрат Рэнэ ван дэр Ліндэн, які хоча ўзмацніць супрацоўніцтва зь няўрадавымі арганізацыямі ды Эўрапейскім Зьвязам. Спадар ван дэр Ліндэн заявіў, што Рада Эўропы “можа адыграць вялікую ролю ў прадухіленьні канфліктаў, у прыватнасьці ва Ўсходняй Эўропе”, і дадаў, што такія структуры, як “маніторынг, Вэнэцыянская камісія, камітэт супраць катаваньняў ды іншыя нашы інструмэнты даюць нам сродкі, каб забясьпечыць правы чалавека, дэмакратыю й вяршэнства закону па ўсім нашым кантынэнце”.

Хаця на парадку дня самой сэсіі ПАРЭ беларускіх пытаньняў няма, сябра Асамблеі ад Кіпру Хрыстас Пургурыдэс, які раней падрыхтаваў два даклады ў ПАРЭ пра сытуацыю ў Беларусі, сказаў Радыё Свабода:

(Пургурыдэс: ) “У сераду будзе паседжаньне падкамітэту па Беларусі. Відавочна, што мы зьбіраемся абмеркаваць цяперашнюю сытуацыю ў краіне ды зрабіць пэўныя высновы”.

Спадар Пургурыдэс паведаміў, што на падкамітэце выступіць і Адрыян Сэвэрын, цяперашні дакладчык па Беларусі ў камітэце правоў чалавека ААН. Таксама ў сераду падчас паседжаньня ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс плянуе зрабіць афіцыйны запыт старшыню Камітэту міністраў Рады Эўропы наконт рэакцыі на ранейшыя прапановы аб санкцыях супраць найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Нагадаю, што да траўня старшынём Камітэту міністраў ёсьць кіраўнік польскага МЗС Адам Даніэль Ротфэльд. У чацьвер юрыдычны камітэт ПАРЭ абмяркуе той адказ, які атрымае ад спадара Ротфэльда Хрыстас Пургурыдэс.

У дзень пачатку сэсіі ПАРЭ газэта “Московский комсомолец” надрукавала артыкул былых сьледчых Зьмітра Петрушкевіча ды Алега Случака, назваўшы іхную інфармацыю аналягічнай той, што ўжо ёсьць у страсбурскім судзе па правах чалавека. Яны апісваюць гісторыю стварэньня ў Беларусі “эскадрону сьмерці”, аўтарам ідэі якога называюць супрацоўніка Савету бясьпекі Сяргея Канцавенку. Аўтары сьцьвярджаюць, што ў Бярэзінскім запаведніку была створаная таемная турма, дзе ў паляўнічых доміках каля дзесяці дзён трымалі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку. Паводле артыкулу, супрацоўнікі КГБ ведалі пра гэта ды паінфармавалі неназванага апазыцыйнага журналіста, які разам з расейскімі сышчыкамі няўдала спрабаваў трапіць на гэты аб’ект.

“Московский комсомолец” піша, што пасьля гэтага спадара Захаранку забілі й пахавалі на Паўночных могілках Менску, дзе пазьней зрабілі тое самае з трупамі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У артыкуле паведамляецца, што супраць некалькіх супрацоўнікаў апэратыўна-тэхнічнай службы КГБ распачалі некалькі крымінальных справаў, а адзін з афіцэраў гэтай службы Аляксандар Рабец летась увосень быў вымушаны эміграваць у Бэльгію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG