Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве сутыкнуліся два беларускія цягнікі


Тацяна Поклад, Вільня У Літве на станцыі Кена пры самай мяжы зь Беларусьсю сутыкнуліся два беларускія таварныя цягнікі. Машыніст і памочнік аднаго зь цягнікоў былі нецьвярозыя і ехалі на хуткасьці, утрая вышэйшай за дазволеную. Ніхто зь людзей не пацярпеў, аднак з прычыны моцных пашкоджаньняў рэек рух на гэтай чыгунцы прыпынены, зьмененыя маршруты пасажырскіх цягнікоў.

Аварыя адбылася ўчора ўвечары прыкладна ў 19.30. Сёньня віленскі транспартны паліцэйскі камісарыят паведаміў першыя вынікі расьсьледаваньня абставінаў здарэньня.

Беларускі таварны цягнік, які накіроўваўся з Вайдотаў у Маладэчна, чакаў, пакуль вызваліцца шлях на Беларусь блізу памежнай станцыі Кена. Тым часам машыністы іншага цягніка, які ехаў зь Беларусі, паведамілі дзяжурным па станцыі, што ў іх лякаматыве ня спрацоўваюць тармазы. Таварны цягнік зь Беларусі меў хуткасьць 50 км/г, у тым часе як на гэтай чыгунцы дазволеная хуткасьць ня вышэй за 15 км/г. Машыніст паспрабаваў перавесьці цягнік на іншы шлях, аднак у часе манэўраў лякаматыў сутыкнуўся "лоб у лоб" з другім беларускім цягніком, які чакаў свайго шляху. Машыністы, якія пасьпелі саскочыць з кабінаў перад сутыкненьнем, не пацярпелі. Перакуліліся пяць пустых вагонаў і адзін лякаматыў, моцна пашкоджаныя рэйкі. Высьветлілася, што машыніст і яго памочнік, якія выклікалі аварыю, былі нападпітку.

Прадстаўнік кіраўніцтва службы бясьпекі руху Валер''ёнас Купшыс з "Літоўскай чыгункі" паведаміў, што наступствы аварыі спадзяюцца ліквідаваць як найхутчэй, магчыма, цягам сёньняшняга дня. Пакуль рух цягнікоў праз Кену прыпынены. Міжнародныя пасажырскія цягнікі зь Беларусі, якія маюць ехаць паўз Кену, – Харкаў-Калінінград, Масква-Калінінград, Масква-Вільня, – будуць рухацца ў аб''езд маршрутам Маладэчна-Ліда-Стасілы– Вільня. Цягнікі з Калінінграду ў бок Беларусі таксама будуць аб''яжджаць Кену маршрутам Вільня-Стасілы-Ліда. Аб''езд азначае, што цягнікі будуць пазьніцца на 3 гадзіны. Жыхары Кены змогуць даехаць да Вільні толькі аўтобусамі, – гэта даўжэйшы і даражэйшы шлях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG