Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры адкрывае выставу, прысьвечаную ЭГУ


Ул. інф. На працягу двух тыдняў ва ўнівэрсытэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры будзе працаваць фотавыстава “Мы робім далей”, прысьвечаная колішняму партнэру гэтае нямецкай установы – Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту ў Менску.

Арганізатары фотавыставы, якая будзе працаваць ва ўнівэрсытэцкай галерэі ў будынку графіні Донгоф – тыя 40 студэнтаў ЭГУ, якія цяпер навучаюцца ў Віядрыне. У экспазыцыю ўключаныя фотаздымкі, якія апавядаюць пра нядоўгую гісторыю элітарнага менскага ўнівэрсытэту і самыя апошнія дні ягонага закрыцьця.

Чакаецца, што на адкрыцьцё выставы прыедуць таксама і тыя былыя студэнты ЭГУ, якія навучаюцца ў іншых нямецкіх установах – Вольным Бэрлінскім унівэрсытэце ды ва ўнівэрсытэце Заарбрукена.

Нагадаем, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў зачынены беларускімі ўладамі летась. У выніку больш як 1000 студэнтаў гэтай установы мусілі спыніць сваё навучаньне.

Адным з ініцыятараў стварэньня вучэбных месцаў для беларускіх студэнтаў-выгнаньнікаў у нямецкіх унівэрсытэтах стала рэктарка Віядрыны, прафэсар-палітоляг Гезінэ Шван. Разам з былым кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску, дыпляматам Гансам-Георгам Вікам і бэрлінскім прафэсарам-палітолягам Клаўсам Зэгбэрсам яна выступіла са зваротам да нямецкага кіраўніцтва і грамадзкасьці адносна фінансавай падтрымкі далейшай вучобы юных беларусаў.

У выніку спонсарамі праекту сталі нямецкі МЗС, некалькі палітычных фундацыяў, уключна з фондам Конрада Адэнаўра і Генрыха Бёля, шэраг прыватных асобаў. У сярэднім памер стыпэндыяў складае да 500 эўра. Са сваёй стыпэндыі студэнты аплачваюць падаткі, страхоўкі, у тым ліку і мэдычную, а таксама асабістае ўтрыманьне. Само навучаньне – бясплатнае, вельмі сымбалічная й плата за інтэрнат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG