Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад аб''явіў 48 вёсак Гомельскай вобласьці "чыстымі ад радыяцыі"


Казімер Яноўскі, Гомельскі раён Паводле адмысловай пастановы ўраду вёскі Ўлукаўе і Бярозкі Гомельскага раёну, у ліку іншых 48 паселішчаў рэгіёну, аб’яўленыя чыстымі ад радыяцыі. Як у гэтай сувязі зьмяніліся ўмовы існаваньня жыхароў паселішча Бярозкі?

Далёка ня ўсе жыхары паселішча Бярозкі ведаюць, што з новага году яны жывуць у чыстай зоне. А тыя, да каго дайшла інфармацыя, не ў захапленьні ад рашэньня ўраду пра перавод паселішча ў чыстую зону.

Распавядае жыхарка Бярозак, што назвалася Людмілай Антонаўнай:

(Людміла Антонаўна: ) “Якія ўжо мы чыстыя сталі? Дзе яна дзелася, тая радыяцыя? Яна ж уся ў зямлі!”

Аднавясковец Людмілы Антоўнаўны, пэнсіянэр Міхаіл Сяргеевіч, таксама зьдзіўлены. Нейкіх асаблівых мераў ачысткі тэрыторыі ці абароны насельніцтва ўлады тут не прымалі:

(Міхаіл Сяргеевіч: ) “Гэта, канечне, ня ў лепшы бок. Гэтага я не ўхваляю. Нейкіх значных мераў выдаленьня радыяцыі тут не праводзілася”.

А вось што мяркуе з нагоды рашэньня ўраду маладая маці Юля, жыхарка Бярозак:

(Юля: ) “Я не лічу, што за два кілямэтры зона дрэнная, а ў нас — добрая. Калі тут праверыць як належыць, нічога добрага мы ня ўбачым. З нашымі заробкамі, з нашым здароўем — гэта ня выйсьце”.

Да гэтага году, калі Бярозкі яшчэ адносіліся да радыяцыйнай зоны 1–5 кюры, сем’і маглі разьлічваць на бясплатнае штогадовае аздараўленьне школьнікаў. Цяпер гэтая льгота скасавана.

(Сьвятлана Мікалаеўна: ) “Было выдатна, калі сын езьдзіў кудысьці адпачыць. Ён прыяжджаў адпачылы, лепей сябе адчуваў. Правераць яго там, падлечаць. А цяпер мы ўжо ня зможам яго куды-небудзь адправіць”, — кажа Сьвятлана Мікалаеўна, маці аднаго са школьнікаў, што жыве ў паселішчы Бярозкі.

Дарэчы, разам зь вёскамі Бярозкі і Ўлукаўе ў шэрагі чыстых, згодна ўрадавай пастановы, пераведзены яшчэ 46 паселішчаў рэгіёну, у тым ліку гарады Жлобін і Рагачоў. Сто іншых населеных пунктаў лічацца цяпер менш заражанымі радыяцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG