Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія коні не патрэбныя ні калгасам, ні прыватным асобам?


Вячаслаў Кулік, Менск Паводле зьвестак Мінсельгасхарчу Беларусі, у дзяржаве зьмяншаецца пагалоўе коней. У калгасах гэта сталая тэндэнцыя, а вось у прыватным сэктары, бадай, упершыню за апошнія гады назіраецца згасаньне ранейшага інтарэсу да конегадоўлі. Зараз коні губляюць ролю карміцеля нават у цыганскіх сем’ях.

Тыповы выпадак для зьбяднелых сельскіх гаспадарак Беларусі: пэнсіянэрка Валянціна Скавыш з пухавіцкай вёскі Бор зь хваляваньнем разважае пра недалёкія клопаты вясны.

(Скавыш: ) “У нашым калгасе зь коньмі гора. Двароў у вёсцы больш як 200, а коней – 6 ці 5. Таму ў веснавыя дні людзі стаяць чарадою. Трэба выхадзіць 2-3, а можа й 5 дзён. Усё жыцьцё адпрацавала ў калгасе, здароўе паклала, а цяпер каб узяць каня, дык трэба адхадзіць ногі й заплаціць”.

Былы калгас “Іскра”, дзе так цяжка ягоным нядаўнім працаўнікам, зараз называецца сельскагаспадарчым каапэратывам “Іскра надзеі”. Гучыць амаль абразьліва, бо, паводле тутэйшых, згаслую “іскру” мусяць “запаліць” так званыя “хімікі” з атраду асуджаных да вольнага пасяленьня ў вёсцы Бор.

(Скавыш: ) “Як перасталі плаціць у калгасе, усе мясцовыя кінулі яго й пайшлі хто куды. На пабочную працу, каб зарабіць якую-небудзь капейку й пракарміць сям’ю. Толькі й спадзеўкі на тых, хто на вольным пасяленьні – на “хімікаў”.

Тое, што конегадоўля ў Беларусі прыходзіць у заняпад й нельга спадзявацца на лепшае, прызнаюць нават чыноўнікі. Вось што паведаміў нашаму радыё супрацоўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Юры Гартановіч:

(Гартановіч: ) “Зьмяншаецца колькасьць пагалоўя кожны год, кожны месяц. У мінулым годзе было 78,7 тысячы, а сёлета – 72,5. Зьелі шмат…”

(Карэспандэнт: ) “Паводле вашай статыстыкі, магчыма, прыватны сэктар кампэнсуе агульныя страты?”

(Гартановіч: ) “Усплёск быў у 90-х гадах. А цяпер ужо й інтарэс насельніцтва пайшоў на спад”.

Своеасаблівым баромэтрам, што адлюстроўвае зьмену настрояў прыватнікаў да каня як да карміцеля сям’і, стаўся сэнсацыйны факт практычна 100-адсоткавай адмовы цыганоў зь менскіх ускраінаў ад чатырохногага сябра. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе старшыня грамадзкага аб’яднаньня цыганскай дыяспары ў Беларусі Алег Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “На конях ня стала заробку. Раней на вясну куплялі коней і езьдзілі ў вёскі працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа тады быць, калі гаворыцца, што конь для цыгана – гэта матка й бацька?”

(Казлоўскі: ) “Гэта ўжо гісторыя. Нашыя цыганы пачалі купляць аўтамабілі”.

Паводле спадара Казлоўскага, цяпер сабекошт сутачнага ўтрыманьня каня на прыватным падворку падвысіўся да аднаго даляра. Адмыслоўцы лічаць гэта крытычным парогам, за якім гаспадар вымушаны весьці каня не на працу, а на мясакамбінат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG