Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына шукае кваліфікаваных інжынэраў... таксама і зь Беларусі?


Ул. інф. Самым бліжэйшым часам нямецкай эканоміцы спатрэбіцца вялікая колькасьць кваліфікаваных інжынэраў. Вядучыя кансалтынгавыя фірмы гэтае краіны тэрмінова шукаюць кандыдатаў у тым ліку i ў Беларусі.

Нямеччыне патрэбныя адмыслоўцы ў машынабудаваньні, станкабудаваньні, іншых навукаёмістых прамысловых галінах. “Гэта могуць быць інжынэры-машынабудаўнікі з навыкамі праграмістаў альбо праграмісты, якія б ня мелі страху перад машынамі”, гаворыць кіраўнік кансалтынгавай фірмы ІТ у Дусэльдорфу Гарвэй Нэш.

Паводле спадара Нэша, Нямеччына адрозна ад іншых эўрапейскіх краінаў мусіць дамагчыся істотнага пашырэньня рынку кваліфікаваных інжынэрных кадраў. У іншым выпадку, нацыянальная навука і эканоміка атрымаюць надзвычай вялікія страты.

Такой вялікай патрэбы ў інжынэрах Нямеччына не адчувала на працягу доўгага часу, піша выданьне “Neue Nachricht”. Паводле спадара Гарвэя Нэша, які шмат езьдзіць па Ўсходняй Эўропе, рашэньне праблемы трэба шукаць у тым ліку і ў такой краіне як Беларусь.

Традыцыйна лічыцца, што беларускія інжынэры вельмі кваліфікаваныя і маюць грунтоўную акадэмічную адукацыю.

Прадстаўнікі кансалтынгавага бюро ў Дусэльдорфу звычайна прапануюць кандыдатам запоўніць анкеты і вытрымаць адпаведныя тэсты. Тыя, хто пасьпяхова праходзіць іспыты, трапляюць у банк дадзеных, і ў пэрспэктыве могуць атрымаць запрашэньне на працу.

На працягу бліжэйшых 10 гадоў патрэба Нямеччыны ў інжынэрных кадрах будзе складаць прыблізна 70 тысячаў спэцыялістаў штогод. Вялікі дэфіцыт ў інжынэрах ад 55 год. Паводле экспэртаў з нямецкіх кансалтынгавых службаў, у гэтым узросьце людзі маюць высокі інтэлектуальны патэнцыял ды таксама унікальны прафэсійны і жыцьцёвы досьвед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG