Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё болей рэклямных мэнэджэраў лічаць беларускую мову элітарнай


Ігар Карней, Менск У рэклямным тэлеэфіры, які яшчэ нядаўна быў амаль стоадсоткава расейскамоўным, апошнім часам зьявілася заўважная колькасьць беларускамоўных ролікаў. Па-беларуску рэклямуюцца і некаторыя ўсясьветна вядомыя гандлёвыя маркі, і асобныя мясцовыя вытворцы. Аналягічныя працэсы прыходзяць і ў друкаваныя мас-мэдыі. Што стымулюе як знакамітыя, так і новыя фірмы абіраць мовай рэклямы менавіта беларускую?

Мэнаджэры кампаніяў сьцьвярджаюць: паступова мяняецца стаўленьне да мовы. А ідэйная натхняльніца “беларусізацыі” мабільных тэлефонаў “Samsung” у аднайменным прадстаўніцтве ў Беларусі Алена Ранцэвіч наўпрост кіруецца лёзунгам “Элітарная мова — элітарная прадукцыя”.

(Ранцэвіч: ) “Спачатку ўсе зьдзіўляліся — чаму мы зрабілі такі ход, маўляў, навошта гэта патрэбна? А потым ужо толькі хвалілі за тое, што мы так выразна рэклямуем тэлефоны”.

(Карэспандэнт: ) “Вы казалі, што беларуская мова робіцца элітарнай. Вашым шляхам пойдуць іншыя?”

(Ранцэвіч: ) “Гэта залежыць ад нашых агульных намаганьняў. Калі прэса паступова будзе пераходзіць на беларускую мову, навучаньне ў школах і ВНУ будзе беларускім, калі астатнія іншаземныя брэнды будуць рэклямавацца на беларускай мове — усё гэта, безумоўна, падштурхне”.

На карысьць беларускай мовы ўжо візуальна выказаўся цэлы шэраг вядомых гандлёвых марак: “Панасонік”, “Галіна Блянка”, “Кока-Кола”, крамы адзеньня “Хуга Бос” і “Каміла”. Неўзабаве па-беларуску “загавораць” жуйкі “Дырол” — сябры Таварыства беларускай мовы ўжо дапамаглі зь перакладам. Беларускую мову дзеля рэклямы ўсё часьцей абіраюць і мясцовывя вытворцы: заводы “Крыніца”, “Крышталь”; новы сэзон па-новаму пачынае і кандытарская фабрыка “Слодыч”. Гаворыць кіраўніца службы маркетынгу прадпрыемства Натальля Гамзюк:

(Гамзюк: ) “Рэкляма па-беларуску? Так, я лічу, што гэта абсалютна нармалёвая практыка. Пакуль, праўда, у нас досыць мала рэклямы па-беларуску, але мы плянуем выправіцца, плянуем”.

У шэрагу выпадкаў рэклямавацца па-беларуску яшчэ і выгадна. Рэдакцыя газэты “Комсомольская правда в Белоруссии” абяцае зьніжкі рэклямадаўцам, якія пяройдуць на беларускую мову. А сваю дапамогу камэрсантам у гэтым прапануе народны паэт Рыгор Барадулін. Пра акцыю апавядае журналіст выданьня Глеб Лабадзенка:

(Лабадзенка: ) “Калі мы складалі сьпіс фірмаў, якія ўжо цяпер карыстаюцца беларускай мовай, то ён павялічыўся да 30–40 назваў. Тады нарадзілася ідэя правесьці акцыю — затэлефанавалі Рыгору Барадуліну і запыталі: “Дзядзька Рыгор, калі нехта захоча рэклямавацца па-беларуску, ці дапаможаце ім зь нейкім слоганам, лёзунгам, брэндам?” Дзядзька адказаў: а для чаго ж я жыву? Дзеля таго, каб любымі сродкамі падтрымліваць беларушчыну! У сваю чаргу, мы вырашылі, што проста прыдумаць брэнд — гэтым, можа, кагосьці і не зацікавіш. Са свайго боку “КП” дасьць зьніжку кожнай фірме, якая будзе выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй рэкляме. І калі ў гэтых фірмаў, у іхных піяр мэнэджэраў ёсьць мазгі, то, натуральна, яны гэта падтрымаюць. Бо выгада падвойная: па-першае, матэрыяльная, па-другое — маральная”.

Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы перакананыя: у справе рэклямаваньня па-беларуску пачалася “ланцуговая рэакцыя”, ігнараваць якую ўжо немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG