Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры “Пяцёркі плюс” лічаць крытыку з боку генэрала Фралова беспадстаўнай


Алесь Дашчынскі, Менск Генэрал Валеры Фралоў разаслаў запрашэньні былым кандыдатам у дэпутаты на сустрэчу, якую ён плянуе правесьці ў нядзелю ў Горадні. У запрашэньнях гаворыцца, што на гэтым сходзе павінны выступіць з дакладамі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч і іншыя вядомыя палітыкі. Як успрымаюць у “Пяцёрцы плюс” плян Фралова?

Былыя кандыдаты ў дэпутаты зьбіраліся ў Менску напрыканцы мінулага года. Аднак улады забаранілі правесьці сустрэчу ў адукацыйным цэнтры IBB і яна, адбылася на вуліцы, перад дзьвярыма цэнтра.

Другую сэсію вырашана правесьці па-за межамі Беларусі. Па сваёй ініцыятыве генэрал Валеры Фралоў запрасіў былых кандыдатаў у Горадню, маўляў, “ужо хопіць езьдзіць за мяжу і там абмяркоўваць праблемы Беларусі”.

Мэта сходу, паводле генэрала Фралова, “кансалідаваць усе сілы, якія існуюць у Беларусі, вызначыцца, чаго яны дасягнулі і як рухацца далей”. Валеры Фралоў ня ўпэўнены, што ўсе запрошаныя дадуць згоду на ўдзел у ягонай нядзельнай імпрэзе.

(Фралоў: ) “Яны тут сваё нешта ў процівагу зьбіраюць. Ну і Бог зь імі. У нас жа тут больш не барацьба з рэжымам, а высьвятленьне адносінаў паміж сабой. Ёсьць “Пяцёрка”, я пераканаўся, што там таксама ня вельмі многа згоды. Адзінае, што іх аб’ядноўвае – гэта барацьба супраць іншых”.

Як успрымаюць лідэры “Пяцёркі плюс” ініцыятыву Валерыя Фралова, ці будуць яны выступаць на гэтай імпрэзе з дакладамі? Кіраўніцтва партыі БНФ просіць сваіх сяброў “не паддавацца на правакацыі асобных палітыкаў і не даваць згоды на ўдзел у сходах, якія могуць быць арганізаваныя ў абыход кіраўніцтва партыі БНФ і “Пяцёркі плюс”.

Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька ня возьмуць удзелу ў гарадзенскай сустрэчы, бо занятыя больш важнымі справамі. Спадар Лябедзька, які сустракаўся з генэралам учора, распавёў пра дасягнутыя дамоўленасьці, у прыватнасьці – аб адзінай стратэгіі ў часе выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На гэты мандат, чакаецца, будуць прэтэндаваць Валеры Фралоў, актывіст АГП Яраслаў Раманчук, былы дэпутат Сяргей Скрабец і актывіст БНФ Сяргей Антусевіч.

Ініцыятыва генэрала аб правядзеньні сходу ў Горадні, паводле Анатоля Лябедзькі, хутчэй выглядае як піяр-кампанія генэрала, але ў такім выпадку, пра гэта трэба было адразу і сказаць, “без прэтэнзій на нешта іншае”. Наогул, падобныя сустрэчы трэба рыхтаваць зусім іначай.

А як ставяцца палітыкі да выказаных спадаром Фраловым абвінавачаньняў у тым, што ў “Пяцёрцы” мала згоды? Анатоль Лябедзька назваў гэта абсалютнай хлусьнёй. Ён лічыць, што “Пяцёрка” якраз даказала сваю дзеяздольнасьць, і гэта пацьвярджаюць цяперашнія захады ўладаў.

(Лябедзька: ) “Ёсьць дакладная інфармацыя, што пастаўлена задача перад структурай, якая доўгі час працавала пад дахам пракуратуры і працавала менавіта па палітычнай апазыцыі, якраз зруйнаваць “Пяцёрку” ў бліжэйшы час, і на гэта выдзяляюцца даволі вялікія сродкі, і зараз распрацоўваюцца сцэнары крызысных сытуацый унутры партыяў, каб гэта прывяло да развалу самой “Пяцёркі”.

Тое, што “Пяцёрка плюс” застаецца на моцным падмурку, пацьвярджае і Станіслаў Шушкевіч. Ён камэнтуе крытычныя выказваньні генэрала Валерыя Фралова.

(Шушкевіч: ) “Я да яго з павагай стаўлюся як да чалавека, але што ён робіць як палітык – я ня ведаю. Ён жа як быццам уступіў у БСДП (Народная грамада). Калі ён дасягнуў таго ўзроўню, што разумее, што трэба быць у партыі, дык няхай бы з партыі нешта рабіў. Але мне здаецца, ён робіць нешта іншае. Што ён робіць, я ня ведаю. Але я не выключаю, што ў палітычным сэнсе ён проста слабаваты. Трэба было б да тых далучацца, хто тое-сёе разумее”.

На здымку - Валеры Фралоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG