Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуюць беларускія лямбарды?


Міхал Стэльмак, Менск Грошы, калі яны ёсьць, а тым больш калі не пераводзяцца, здаюцца рэччу звычайнай і будзённай. І зусім іншая сытуацыя, калі іх няма. У многіх краінах выбрацца з безграшоўя чалавеку дапамагаюць лямбарды. Ці ёсьць такія установы ў Беларусі? Чым адметная іх дзейнасьць? Сытуацыю высьвятляў наш карэспандэнт.

Большасьць беларусаў мае цьмянае уяўленьне пра лямбарды. Найперш з прычыны абмежаванай колькасьці гэтых установаў у краіне. Адшукаць іх можна хіба што ў вялікіх гарадах. Па-другое, далёка ня усе карыстаюцца паслугамі лямбардаў. І хаця афіцыйных статыстычных зьвестак наконт гэтага няма, колькасьць наведнікаў, як сьцьвярджаюць у саміх лямбардах, вычэрпваецца некалькімі дзясяткамі тысяч чалавек. Сярод іх менская пэнсіянэрка Аляксандра Атрахімовіч:

(Атрахімовіч: ) “Вельмі добра. Вось няма грошай – выпадак нейкі. Неабходныя чалавеку грошы. Такое ж бывае. Чалавек здае рэч – даюць грошы на пэўны тэрмін. Месяц – два. Калі мы ня можам выкупіць, толькі тады яны прадаюць. Таму я лічу, што гэта вельмі правільна. Мы ж падпісваемся”.

Клясычнае вызначэньне лямбарду мала розьніцца ад сказанага спадарыняй Атрахімовіч. Гэта крэдытная установа, якая пазычае грошы пад заклад рухомасьці. Таго, што можна узяць, панесьці... Слова лямбард паходзіць ад Лямбардыі – рэгіёну ў паўночнай Італіі. Менавіта ліхвяры зь Лямбардыі пяць стагодзьдзяў таму ў Францыі упершыню заснавалі такія крэдытныя установы.

Гісторыя беларускіх лямбардаў таксама сягае углыб вякоў. Паводле архіўных крыніцаў, у Менску, напрыклад, адзін зь іх месьціўся з 1891 году паблізу цяперашняй плошчы Свабоды. Празь нейкае стагодзьдзе амаль на тым самым месцы – на вуліцы Інтэрнацыянальнай – узьнік адзін зь цяперашніх менскіх лямбардаў. Размаўляю зь яго наведнікамі:

(Спадарыня Галіна: ) “Лямбард – гэта крама. Ён сапраўды выгадны для людзей. Вось у мяне грошай, напрыклад, няма. А ёсьць залаты выраб. На некаторы час я пайшла і здала яго. Ну, вядома, потым даплаціла за паслугі”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Бывае, трэба грошы. А пазычыць няма дзе. Прыйшоў – заклаў на тыдзень, нейкія там капейкі заплаціў. Я лічу, што патрэбен лямбард”.

Мае суразмоўніцы спадарыні Галіна і Сьвятлана, галасы якіх вы толькі што чулі, зь ліку тых, каму рэгулярна не стае грошай. Адна зь іх працуе на заводзе, другая – у прыватнай фірме. Яны – тыповыя кліенты менскіх лямбардаў. А яшчэ сярод тыповых кліентаў пэнсіянэры ды студэнты. Чыноўнікі сюды па грошы ня ходзяць. У лямбардзе на праспэкце Ракасоўскага гаворым з шафёрам Алегам.

(Алег: ) “Не хапае. Абяцалі грошы даць – затрымалі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы упершыню зьвяртаецеся ў лямбард?”

(Алег: ) “Ня першы раз. Выручае. Добрая дапамога”.

Спадар Алег пазычыў у лямбардзе трыццаць тысяч рублёў, заклаўшы залаты ланцужок. Мог бы пазычыць і болей. Аднак...

(Алег: ) “Чым больш на рукі атрымліваеш, тым больш трэба аддаваць. Неабходную суму выбіраеш, і усё”.

Гэта, як высьветлілася, адно з галоўных правілаў кліента лямбарду. Чым большая пазыка, тым яна даражэйшая:

(Галіна: ) “Я здаю залаты выраб. Я мушу даплачваць паўтара працэнта ад кошту ацэнкі майго вырабу”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта шмат ці не?”

(Галіна: ) “Даволі шмат. Дарагавата. А што рабіць?”

Альтэрнатывы лямбардам, паводле спадарыні Галіны, у яе няма. Пацьвярджае гэта й спадарыня Людміла – супрацоўніца аднаго зь лямбардаў, што належаць прыватнай фірме “Вісем”.

(Людміла: ) “Чаму людзі прыходзяць да нас? Цяпер ніхто ня хоча пазычаць грошай. А тут яны прыйшлі, заклад зрабілі, і усё. Вядома, яны трацяць грошы. Але пайдзі да суседа ды пазыч... Хто вам дасьць? Гэта ў рэдкіх выпадках. Таму многія прыходзяць і кажуць: добра, што вы існуеце”.

Прывабнасьць лямбардаў яшчэ і ў надзвычай простым мэханізьме атрыманьня пазыкі. Скажам, каб узяць у доўг грошай у сябра ці знаёмых, нярэдка траціш шмат часу на далікатныя ды нудныя перамовы зь імі. А ў лямбардзе нікому нічога тлумачыць ня трэба. Дзьве – тры хвіліны на падпісаньне дамовы – грошы ў кішэні.

У лямбардзе “Лад” я адрэкамэндаваўся новым кліентам. Таваразнаўца-ацэньніца Алена Песьцерава пералічыла тавары, якія тут бяруць у заклад:

(Алена: ) “Мы бярэм ювэлірныя вырабы з золата. Бярэм сталовае срэбра. Бярэм спажывецкія тавары, якія маюць таварны выгляд і карыстаюцца попытам. Бытавую тэхніку бярэм: тэлевізары, магнітафоны, DVD, боты, пледы, футры. Тое, што ў чалавека ёсьць, і тое, што нас задавальняе”.

Але, калі я паспрабаваў пакінуць у заклад журналісцкі дыктафон, спадарыня Песьцерава прыняць яго адмовілася. І вось на якой падставе:

(Алена: ) “Добры, грошай каштуе, але мы яго ніколі нізавошта не прадамо. Бо рэч нетыповая. Таму мы бярэм толькі той тавар, які можна рэалізаваць”.

Ці не дзевяноста працэнтаў рэчаў, што “круцяцца” ў лямбардах, – золата. Дакладней, вырабы зь яго. Хоць для кліентаў гэта не зусім выгадна. Чаму? Камэнтуе спадарыня Песьцерава, нагадаю, супрацоўніца лямбарду:

(Алена: ) “Цану на золата дзяржава паставіла 14 тысяч рублёў. Гэта мала. У параўнаньні з тым, што прадаецца ў краме”.

Аказваецца, цэны на вырабы з каштоўных мэталаў лямбардам дыктуе дзяржава. Адзін грам золата, напрыклад, 375-й пробы прымаецца за дзевяць з паловай тысяч рублёў, а 900-й пробы – за дваццаць дзьве з паловай тысячы. Гэта нашмат ніжэй за цэны такога самага золата ў выглядзе зьліткаў, якія праз Нацыянальны банк рэалізуе насельніцтву дзяржава. Такая палітыка не выпадковая. Бо менавіта дзяржаве лямбард па заніжаных цэнах мусіць рэалізоўваць ня выкупленае кліентамі золата. Прычым дзяржава абавязвае лямбарды браць пад заклад ня толькі, скажам, залатыя пярсьцёнкі, а й зубныя каронкі, залатыя зубы. У хуткім часе частка іх трапляе ў залаты запас краіны...

Між іншым, самі супрацоўнікі лямбардаў лічаць золата ня толькі высакародным мэталам, а й “жоўтым д’яблам”. І на тое ёсьць падставы. Ня так даўно на менскія лямбарды хлынуў “залаты” дождж. Сюды зачасьцілі кліенты, якія чамусь не сьпяшаліся выкупляць свае ланцужкі ды пярсьцёнкі. Як высьветлілася, пад выглядам золата махляры паназакладалі пазалочанага срэбра. “Кідалаў” пасьля й сьлед прастыў, а супрацоўнікі лямбардаў плакалі ад іхнага нашэсьця горкімі сьлязьмі. Вось чаму там вельмі цэняць кваліфікаваных таваразнаўцаў-ацэньнікаў. Алена Песьцерава – адна зь іх.

(Алена: ) “Я магу па вазе і па паху вызначыць, золата гэта ці не. Наагул, у мяне былі добрыя настаўнікі. Калі працуеш, ты бачыш, адчуваеш малюнак пробы. Я бяру золата ў рукі, і мне яшчэ не сказалі, што гэта ня золата, а я ўжо бачу, што гэта пазалота, таму што яна лёгкая. У яе зусім іншая паверхня. Разумееце, гэта адчуваньне”.

У маладасьведчаных людзей зьяўляецца, бывае, зайздрасьць да работнікаў лямбардаў. Маўляў, працы мала, а бізнэс даходны. Насамрэч, як лічыць Алена Песьцерава, ён вельмі складаны, хаця й пэрспэктыўны:

(Алена: ) “А Вы паспрабуйце знайсьці субарэнду на маленькі куток. Плюс маленькі склад. Плюс у гэты склад банкаўская сыстэма аховы. А самае галоўнае – дзе Вы возьмеце спэцыялістаў? Спэцыялістаў для лямбардаў не рыхтуюць нідзе. Трэба грошы на адкрыцьцё, патрэбны грошы на працу”.

(Карэспандэнт: ) “Калі б у Вас былі грошы, ці захацелі б Вы адчыніць лямбард?”

(Алена: ) “Так. Лямбарды былі, ёсьць і будуць. Гэта вечны бізнэс. У людзей заўжды не хапае грошай”.

Хай, вядома, кожнага абыходзіць бокам такая бяда, як безграшоўе. Але, калі яна напаткала каго, мой рэцэпт: не адчайвайцеся! Ідзіце ў лямбард! Гэта палачка-выратавалачка ад часовых фінансавых цяжкасьцяў. Там вам пазычаць грошай, якія, трэба спадзявацца, і дапамогуць падняцца наверх...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG