Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на дастаўку паліва на 2005 год


Юлія Шарова, Менск Згодна з гэтым кантрактам, Беларусь атрымае ад расейскай газавай манаполіі больш за 19 мільярдаў кубамэтраў газу па цане амаль 47 даляраў за тысячу кубамэтраў.

У 2005 годзе “Газпром” стане адзіным дастаўцам паліва ў Беларусь: незалежныя дастаўцы працаваць тут ня будуць. Агульны аб’ём паліва, які беларускі бок папрасіў у расейцаў, большы за ранейшы. Да таго ж у кантракце прадугледжана, што пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці ў краіну даставяць яшчэ прыблізна 1,4 мільярда кубамэтраў паліва. Тарыфы на дастаўку і транзыт засталіся нязьменнымі, хоць Беларусь прасіла зьнізіць кошт да 39 даляраў за тысячу кубамэтраў ды падвысіць транзытную стаўку вышэй за цяперашнія 75 цэнтаў.

На думку расейскага газавага аналітыка Валерыя Несьцерава, такі кантракт выгадны для абодвух бакоў. Беларусь будзе дакладна забясьпечаная газам цягам наступнага году, Расея пазьбегне праблемаў з транзытам і непаразуменьняў са спажыўцамі свайго паліва на Захадзе, як гэты было ў часе “газавай вайны”.

Што да ранейшых прэтэнзіяў наконт стварэньня на базе “Белтрансгазу” сумеснага прадпрыемства, то, на думку спадара Несьцерава, “Газпрому” цяпер няма калі займацца гэтай справай.

(Несьцераў: ) “Цяпер у “Газпрому” дастаткова шмат праблемаў, каб ствараць яшчэ новыя. У яго сур’ёзныя задачы стаяць з аб’яднаньнем “Роснефти”, з дывэрсыфікацыяй свайго бізнэсу. Ня выключаныя некаторыя праблемы з Украінай. Плянуецца буйны праект там ажыцьцявіць, але пакуль яго няма. А добрыя дачыненьні зь Беларусьсю вельмі важныя. Таму, калі хочаце, Беларусь саступіла ў цане, а “Газпром” некаторы час яшчэ будзе чакаць зь “Белтрансгазам”.

Былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч мяркуе, што кантракт не настолькі выгадны для Беларусі. Фактычна цана на расейскі газ узрастае, бо згодна з новымі правіламі ўплаты ўскосных падаткаў “Белтрансгаз” будзе губляць 18% і стане падвышаць унутраны кошт. Насельніцтва ў сваю чаргу адчуе гэта з падвышэньнем тарыфаў на камунальныя паслугі ды з агульным ростам інфляцыі.

Да таго ж, разважае Валянцін Мацкевіч, захаваньне ўсё яшчэ даволі мяккіх тарыфаў на газ дазваляе беларускім уладам не сьпяшацца з эканамічнымі рэформамі, што ня вельмі добра для ўсёй краіны.

(Мацкевіч: ) “Эканамічных пераўтварэньняў не чакаецца. Цана на энэрганосьбіты ўсё бліжэй набліжаецца да ўсясьветнай. А эканоміка нашая рэгулюецца адміністрацыйным шляхам. Няма свабоды прадпрымальніцтва, няма свабоды прадпрыемстваў. Ёсьць толькі заданьні, за якія ці здымаюць, ці садзяць у турму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG