Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 студзеня 1929 году ў Менску была адкрытая Акадэмія Навук БССР


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 31 сьнежня й 1 студзеня

У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году бальшавікі гвалтам разагналі ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд, які меўся вызначыць будучыню краіны пасьля падзеньня Расейскай імпэрыі. Рада Зьезду абвясьціла пра свае ўладныя паўнамоцтвы ў межах Беларусі і далей працягвала сваю працу аж да 25 сакавіка 1918 году, калі было абвешчана пра стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Праз год, у 1918-м, бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, у ноч з 30 на 31 сьнежня абвясьціла пра стварэньне БССР. Праз тыдзень сталіца БССР была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад Беларусі і далучаныя да РСФСР.

31 сьнежня 1957 году пачала працу Гомельская абласная студыя тэлевізіі, а 31 сьнежня 1989 году была створаная Беларуская фэдэрацыя футболу. Беларусь з гэтага моманту стала юрыдычна раўнапраўнай зь іншымі футбольнымі краінамі сьвету.

31 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі мастак Анры Маціс, амэрыканскі генэрал Джордж Маршал, які прыдумаў плян пасьляваеннага аднаўленьня Эўропы і атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію, і вядомы кінаактор Энтані Гопкінс.

Цяпер – пра некаторыя даты заўтрашняе суботы.

1 студзеня 1927 году савецкія карныя органы арыштоўваюць беларускага драматурга Францішка Аляхновіча і на 10 гадоў ссылаюць яго на Салаўкі. Але ў 1933-м Аляхновіча абменьваюць на вязьня польскай турмы, палітыка і мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча. Пра сваё знаходжаньне ў ГУЛАГу Аляхновіч напіша кнігу “У кіпцюрах ГПУ”, якая адразу будзе перакладзеная на эўрапейскія мовы і стане першым публічным сьведчаньнем сталінскага палітвязьня.

1 студзеня 1929 году ў Менску была адкрытая Акадэмія Навук БССР. Яе стварылі на базе Інстытуту беларускае культуры, заснаванага яшчэ ў 1922 годзе.

1 студзеня 1993 году Чэхаславаччына падзялілася на дзьве дзяржавы – Чэхію і Славаччыну. А 1 студзеня 1999 году была запушчаная ў абарот агульнаэўрапейская валюта эўра.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 1 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня сярэднявечнага кіраўніка Беларусі вялікага князя Жыгімонта І Старога, філёзафа Францішка Богуша, які пісаў пра пачаткі беларускага народу і мовы, а таксама быў удзельнікам паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, заснавальніка беларускай філялёгіі Яўхіма Карскага, народнага мастака Беларусі пэйзажыста Віктара Грамыку, пісьменьнікаў Анатоля Кудраўца, Дануту Бічэль і Вольгу Іпатаву, банкіра Станіслава Багданкевіча. З замежнікаў згадаем вугорскага паэта і рэвалюцыянэра Шандара Пэтэфі і амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра зь ягонай культавай кнігай “Лавец у жыце”.
XS
SM
MD
LG