КАЛОМБА. Колькасьць ахвяраў цунамі працягвае павялічвацца. Цяпер вядома, што загінулі прынамсі 80 тысячаў чалавек, паводле іншых крыніцаў, колькасьць загіблых можа дасягнуць 125 тысячаў. Аднак гэтыя зьвесткі не канчатковыя. У Тайляндзе бязь вестак зьніклі амаль паўтары тысячы швэдаў, каля тысячы немцаў і 350 нарвэжцаў. ААН папярэджвае пра небясьпеку эпідэміяў інфэкцыйных захворваньняў, таму што мільёны людзей адчуваюць недахоп прадуктаў харчаваньня, пітной вады і лекаў. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш абвясьціў аб стварэньні групы ў складзе ЗША, Японіі, Індыі і Аўстраліі, мэта якой – каардынаваць дапамогу ахвярам катастрофы. Паводле расейскіх афіцыйных асобаў, Масква дасылае ў Шры-Ланку болей за 20 тонаў розных грузаў, уключна з намётамі і станцыямі ачысткі вады.