Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’ём банкаўскіх крэдытаў насельніцтву сёлета ўзрос удвая


Юлія Шарова, Менск Беларускія банкі сталі больш выдаваць крэдытаў насельніцтву. Як сьведчаць статыстычныя дадзеныя, аб’ём гэтых крэдытаў сёлета ўзрос удвая. Адпаведна, браць у банкаў грошы на будаўніцтва кватэры ці набыцьцё тэлевізара стала прасьцей. Чым спэцыялісты тлумачаць такую зьяву і ці не зьяўляецца яна прыкметай сапраўднай эканамічнай стабільнасьці?

На сёньняшні дзень насельніцтва вінаватае банкам каля 1 мільярда 800 мільёнаў рублёў. Найчасьцей беларусы бяруць крэдыты на будаўніцтва ды набыцьцё жытла (70 адсоткаў ад агульнага аб’ёму), але апошнім часам стала павялічвацца доля крэдытаў, узятых для іншых спажывецкіх патрэбаў.

Больш даступнымі сёлета былі крэдыты ў замежнай валюце – даляр таньнеў, а значыцца, вяртаць грошы стала выгадней. Да таго ж, працэнтныя стаўкі па такіх крэдытах былі ніжэйшымі. Цікаўнасьць насельніцтва да гэтай паслугі банкаў узрасла яшчэ і з тае прычыны, што сёлета крэдыты стала магчымым атрымоўваць і наяўнымі грашыма.

У агульным аб’ёме крэдытных партфэляў доля крэдытаў насельніцтву складае больш за 20 адсоткаў. І хоць гэта больш, чым летась, на думку кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова, ганарыцца такім паказьнікам асабліва ня варта.

(Драздоў: ) “Тэндэнцыя ў банкаўскай сыстэме ва ўсім сьвеце наагул такая, што ўзрастае доля крэдытаў менавіта грамадзянам, а не прадпрыемствам. Менавіта так разьвіваецца банкаўская сыстэма ва ўсім сьвеце. Грамадзяне як атрымальнікі крэдытаў больш добрасумленныя, там адсотак нявернутых і кепскіх крэдытаў у некалькі разоў ніжэйшы, чым сярод крэдытаў, выдадзеных прадпрыемствам і фірмам”.

У эканамічна разьвітых краінах, тлумачыць спадар Драздоў, крэдыты, выдадзеныя насельніцтву, дасягаюць ажно 80 адсоткаў у агульным аб’ёме крэдытных партфэляў – а ў Беларусі пакуль карціна амаль адваротная. Каб яна стала іншай, мусіць мінуць не адзін год, лічыць прадстаўнік Нацбанка. Аднак калі й надалей стаўка рэфінансаваньня будзе зьніжацца, то, натуральным чынам, цікавасьць насельніцтва да банкаўскіх крэдытаў паступова ўзрасьце, бо крэдыты адпаведна будуць таньнець.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG