Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міністэрстве гандлю запэўніваюць, што праблемаў зь імпартам замежных цыгарэтаў напачатку 2005 года ня будзе


Юлія Шарова, Менск У студзені ўрад мусіць правесьці конкурс па права імпарту ў Беларусь тытунёвых вырабаў. Сёлета агульны памер квоты на ўвоз гэтых вырабаў зьменшаны больш чым удвая, і тлумачыцца гэта неабходнасьцю абараніць айчынных вытворцаў. Сталыя імпарцёры цыгарэтаў ужо выказвалі заклапочанасьць наконт таго, што з-за пераносу конкурсу на студзень увоз гэтых тавараў у першыя тыдні году стане немагчымым.

Ці ёсьць небясьпека таго, што ў самым пачатку наступнага году ў беларускіх крамах нельга будзе набыць папулярныя замежныя маркі цыгарэт? Самі імпарцёры тытунёвых вырабаў (сёлета, напрыклад, квоты атрымалі пяць кампаніяў) лічаць, што такіх праблемаў ня ўзьнікне. Як запэўніла мяне супрацоўніца адной з такіх кампаніяў, заўсёды ёсьць нерэалізаваныя рэшткі, якія можна выкінуць у гандаль. Да таго ж, са словаў маёй суразмоўцы, квоты насамрэч ужо разьмеркаваныя адмысловай Міжведамаснай камісіяй.

(Спадарыня: ) “Конкурс насамрэч ужо быў зладжаны, і папросту пакуль на сёньняшні дзень няма афіцыйнай выпіскі пратакола паседжаньня камісіі. Але камісія ўжо засядала, і аб’ёмы квотаў для кожнага былі вызначаныя. То бок, засьцярога наконт таго, што квоты вызначаць толькі ў студзені, ня спраўдзілася. Аднак пакуль няма афіцыйнай выпіскі з пратакола, якім чынам яны разьмеркаваныя”.

Імпарцёры тытунёвых вырабаў спадзяюцца, што гэтая замінка будзе нядоўгай, і ў найбліжэйшыя дні неабходны дакумэнт падрыхтуюць. У Міністэрстве гандлю мне гэтую інфармацыю пацьвердзілі. Начальнік харчовага упраўленьня міністэрства Любоў Язэпчык сказала наступнае:

(Язэпчык: ) “Канечне ж будзе, якія размовы! Мы ўсё зробім, сёньня ўсё ляжа на подпіс. Бо гаворка ідзе пра наступны год. Няхай яны яшчэ сёлета ўвязуць што трэба. Я не разумею, якое пытаньне наагул па выпісках вас цікавіць”.

Нагадаем, што на наступны год квоту на імпарт цыгарэтаў зьнізілі больш чым удвая, з 3,6 мільярдаў штук да 1,5 мільярда. Такое рашэньне прынятае каб актывізаваць працу Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, якая абяцае распачаць выпуск імпартазамяшчальных тавараў. Ужо заключаны кантракт з кампаніяй “British American Tobacco” пра вытворчасьць цыгарэтаў на абсталяваньні “Нёмана”, вядуцца таксама перамовы зь іншымі ўсясьветнымі тытунёвымі кампаніямі па стварэньні ў Горадні вытворчасьці цыгарэтаў фірмовых марак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG